Закупаў не будзе?

З 4 сакавіка ў Польшчы пачынае працаваць закон аб забароне гандлю ў нядзелю. Між тым, шмат хто прагназуе яго хуткую адмену праз цэлы комплекс прычынаў.

Фота www.4Liberty.eu


Новы польскі закон меў на мэце, па-першае, узмацніць сем’і, у якіх муж або жонка ў нядзелю працу­юць у сферы гандлю і, як вынік, не могуць быць разам. Па-другое, вярнуць нядзелі рэлігійны кампанент. Кажучы словамі аўтараў законапраекта, у ня­дзелю людзі павінны «святкаваць светлы дзень».

Гэта былі два галоўныя аргументы, якія выкарыстоўвалі лабісты закона пра забарону нядзельнага гандлю. У выніку яны пераканалі парламентарыяў, і тыя ў пачатку мінулага года прагаласавалі за адпаведны законапраект. Усё, чаго дамагліся апаненты забароны нядзельнага гандлю, — рэалізаваць рэформу паэтапна. З 4 сакавіка гэтага года крамы за Бугам па нядзелях будуць працаваць два разы на месяц. У наступным годзе — толькі адзін. А з 2020 года настане татальная забарона.

Напэўна, ёсць і трэці аргумент: калі Польшча хоча быць еўрапейскай краінай, яна павінна арыентавацца на лідараў Еўрасаюза. Сапраўды, у суседняй Германіі гіпермаркеты па нядзелях зачыненыя. У Францыі спроба бізнесоўцаў атрымаць права на нядзельны гандаль выклікала ледзь не нацыянальны страйк. Прадукты або рэчы першай неабходнасці ў Еўропе можна набыць у невялікіх крамах, якія часцяком належаць мігрантам.

У любым выпадку, змена графіку працы польскіх крамаў сапраўды глабальная. Паводле статыстыкі, 75 працэнтаў закупаў палякі робяць у нядзелю. Пад закон трапляюць каля 350 тысяч крамаў, дзе працуюць каля двух мільёнаў чалавек. Скептыкі прагназуюць, што новы графік працы крамаў можа каштаваць бюджэту каля 500 мільёнаў долараў.

Кампенсаваць страты ўладальнікі крамаў збіраюцца за кошт цэлага комплексу захадаў. Асноўная стаўка робіцца на тое, каб пераарыентаваць пакупнікоў рабіць закупы па пятніцах і суботах. Для гэтага рыхтуюць розныя прывабныя акцыі. Акрамя таго, у суботу гандлёвым цэнтрам дазволяць працаваць аж да 12 гадзінаў ночы.

Не выключаюць і хуткі бум інтэрнэт-крамаў, якія пачнуць дастаўляць тавар па нядзелях пасля анлайн-замовы. Чакаецца рост асартыменту ў крамах на заправачных станцыях, якіх змены ў законе не тычацца. Не закране новы закон і невялікіх прадуктовых кіёскаў на вакзалах і ў аэрапортах, якія таксама паспрабуюць скарыстацца сітуацыяй. Аматары «святкаваць светлы дзень» вельмі занепакоеныя такой перспектывай, і нават дапускаюць продаж тавараў у вакзальных кіёсках толькі пасля дэманстрацыі квіткоў.

Ёсць і абсалютна фантастычныя прапановы. Напрыклад, у нядзелю прапануюць дазваляць малым прадпрымальнікам гандляваць у буйных камерцыйных цэнтрах. Нарэшце, дзякуючы заканадаўчым навацыям у Польшчы можа з’явіцца такая пакуль не вядомая рэч, як «шоў-рум». Гэта значыць, што крамы ў нядзелю будуць адчыненыя, аднак прадаваць у іх нічога не будуць. Паводле правілаў «шоў-рум», кліенты могуць проста разглядаць тавары, каб пасля замовіць іх праз інтэрнэт.

Нягледзячы на мноства ідэяў, як абысці новы закон, скептыкаў усё роўна менш не робіцца. Напрыклад, не зразумела, што будзе з крамамі, якія гандлююць будаўнічымі матэрыяламі (як правіла, іх набываюць па нядзелях). Прагназуюць вялікія праблемы для кропак, якія арыентуюцца на замежнікаў. Беларусы, немцы, рускія звычайна робяць закупы ў Польшчы ў апошні дзень тыдня.

Цяжка ацаніць і чалавечы кошт рэформы. Паводле разлікаў спецыялістаў, пасля яе запуску шукаць працу давя­дзецца прыкладна ста тысячам чалавек. Урад лічыць, што такая лічба не катастрафічная для рынку працы. Хаця пры гэтым ігнаруецца важны момант. Трэцяя частка занятых у нядзельным гандлі належыць да вельмі агрэсіўнай сацыяльнай групы — студэнтаў. Для іх нядзеля — гэта адзіны дзень на тыдні, калі ёсць магчымасць трошкі зарабіць на жыццё, а не вучыцца.

Самае камічнае, што ахвярамі новага заканадаўства могуць стаць тыя, дзеля каго яго, нібыта, і прыдумалі. Гаворка пра тых, хто праз занятасць у нядзелю не можа цалкам прысвяціць сябе сямейным справам. Калі кампаніі будуць павялічваць працоўны час у суботу, наўрад ці супрацоўнікі крамаў вернуцца дахаты і выправяцца ў ложак раней за глыбокую ноч. Адпаведна, нармальны адпачынак у нядзелю ў іх не атрымаецца. І на імшу ў касцёл раніцай яны не пойдуць — будуць адсыпацца.

Хутчэй за ўсё, такія людзі будуць толькі сумаваць па часах, калі працавалі адпаведна нармальнаму графіку. Дадатковым фактарам для незадавальнення будзе, відавочна, выбарчы фармат рэформы. Чаму ў крамах па нядзелях працаваць нельга, затое можна ў розных «MacDonalds» або «Burger King»?

Усе гэтыя супярэчнасці дазваляюць меркаваць, што новы закон будзе дзейнічаць нядоўга. У кантэксце моцнай міжпартыйнай канкурэнцыі напярэдадні выбараў у наступным годзе тэма нядзельнага гандлю можа стаць вельмі палітызаванай. Каб не згубіць галасы, урадавая партыя, напэўна, адмовіцца ад амбіцыйнага плану прымусіць палякаў «святкаваць светлы дзень». Дарэчы, так ужо было ў Венгрыі, дзе аналагічны закон быў прыняты, аднак праз непапулярнасць хутка скасаваны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!