Замежныя СМІ пра Беларусь: 17–23 снежня

Варта адзначыць, што захаванне ілюзорнага палітычнага суверэнітэту Мінска выгадна Крамлю.
chromorange

chromorange



 Па-першае, гэта дазваляе знізіць ступень трывогі суседзяў Беларусі з нагоды нарошчвання на яе тэрыторыі вайсковай прысутнасці Расіі да таго часу, калі ўжо будзе позна нешта мяняць. Па-другое, умоўна незалежны Мінск можа быць інструментам знешнепалітычных гульняў Крамля.
«Дзеркало тижня» (Украіна)

Паміж Беларуссю і Азербайджанам вельмі вялікае падабенства ў падыходах да крытыкі, да свабоды выказвання меркавання, таму, магчыма, яны знайшлі агульную мову. Ёсць такое падазрэнне, што Аляксандр Лапшын (расійскі блогер, арыштаваны ў Мінску за наведванне Нагорнага Карабаху) мог чымсьці дапячы нават не Азербайджан, а «Бацьку», і Лукашэнка, каб не трапляць пад міжнародную крытыку, мог дамовіцца з Азербайджанам, што ён выдае Лапшына Азербайджану, а той прыбірае крытыка з вачэй. Заўтра ў Азербайджане якога-небудзь беларуса альбо крытыка Лукашэнкі арыштуюць і выдадуць.
«Эхо Кавказа» (Грузія)

Кіраўнік Беларусі ўпаўнаважыў Камітэт дзяржбяспекі правесці перамовы з расійскім бокам па праекце пагаднення аб удзеле падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ў сумесных контртэрарыстычных акцыях, якія праводзяцца на тэрыторыі РБ і РФ. Тэкст пагаднення не апублікаваны. Указ, які на законнай падставе дазваляе спецназу чужой дзяржавы праводзіць аперацыі на тэрыторыі Беларусі, выклікаў трывогу ў беларускай грамадскасці... Цяперашняя сітуацыя развіваецца па аналогіі з падпісаннем пакта Молатава—Рыбентропа ў 1939 годзе.
«Deutsche Welle» (Германія)

Што тычыцца Беларусі, то тут, на думку аналітыкаў, трэба ўлічваць наяўнасць ўзаемазалежнасці Расіі і Беларусі. Беларусь па шэрагу прычын рознага парадку апынулася паміж дзвюх зонаў уплыву, паміж Захадам і Усходам, што адбілася і на яе знешняй палітыцы. У афіцыйных стратэгіях Мінск так ніколі і не абмалёўваў выразнай траекторыі і прыярытэтаў, рашэнні залежалі ад канкрэтнай сітуацыі і ацэнкі Лукашэнкі, часта заснаванай на кароткатэрміновым прагматызме і пошуку хуткіх выгод. Але трэба ўлічваць, што Беларусь залежыць ад Расіі па шэрагу стратэгічных напрамкаў. Яна залежная ў ваеннай сферы і сферы стратэгічнай бяспекі, залежная эканамічна і культурна. А адным з галоўных аспектаў, калі весці гаворку пра бяспеку рэгіёну, з’яўляецца залежнасць Беларусі ад Расіі ў ваеннай сферы.
«Delfi» (Літва)

Кітайскія звязаныя крэдыты зусім не спрыяюць развіццю нацыянальнай прамысловасці. Беларускія прадпрыемствы не вытрымліваюць канкурэнцыі з кітайскімі таварамі і вымушаныя закрывацца або згортваць вытворчасць. А вось пакрываць свае абавязацельствы па кітайскіх звязаных крэдытах Мінску давядзецца жывымі грашыма (дакладней, доларамі і іншай замежнай валютай). Таму вялікая верагоднасць, што Беларусь вымушана будзе расплачвацца па кітайскіх крэдытах капіталам і актывамі айчынных прадпрыемстваў.
ФСК (Расія)

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: