Замежныя СМІ пра Беларусь: 19–25 студзеня

Ці будзе ў Беларусі беларуская вясна такой, як была ўкраінская восень і зіма 2014 года, — гэта пытанне часу, але водар гэтай вясны там ужо адчуваецца — гэта факт. Бо інакш не з’явілася б гэтая ініцыятыва пра перанос пляцоўкі «Мінскіх перамоваў» у іншае месца.

NewsOne (Украіна)

Нервовая рэакцыя расійскай улады на беларускія новаўвядзенні ў галіне візавай палітыкі пацвярджае, што Масква не разглядае Беларусь як самастойнага гульца на міжнароднай арэне, у якога можа быць пазіцыя, адрозная ад расійскай. Логіка Масквы такая: унутраная палітыка Лукашэнкі ў прынцыпе можа быць якой заўгодна, але калі гаворка заходзіць пра знешнюю — тут ужо, калі ласка, ніякіх рэзкіх рухаў.

«Новое время» (Украіна)

 

У Беларусі ёсць толькі адна вядомая палітычная фігура — Лукашэнка. Пры гэтым стаўленне да яго ў большасці насельніцтва таксама максімальна нейтральнае. За свае 25 гадоў прэзідэнцтва «бацька», у адрозненне ад Пуціна, не паспеў адзначыцца выбітнымі подзвігамі, гэтак жа, як і выбітнымі злачынствамі, якія маглі б раскалоць грамадскую думку. Таму лютых фанатаў і лютых ненавіснікаў кіраўніка дзяржавы ў грамадстве вельмі мала.

«Новые Известия» (Расія)

 

Калі бакі грамадзянскага канфлікту ва Украіне (з аднаго боку — Кіеў, а Л/ДНР — з другога) са згоды галоўных палітычных гарантаў працэсу — Расія, Германія, Францыя і, неафіцыйна, натуральна, ЗША — прымуць рашэнне пра перанос перамоўнай пляцоўкі з Мінска ў Астану і пра ператварэнне, такім чынам, «Мінска–2» у «Астану–1», гэта будзе казаць шмат пра што. У тым ліку пра тое, што Беларусь імкліва губляе статус галоўнага саюзніка Расіі.

«Forbes» (Казахстан)

 

У канцы мінулага года беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт, якім, у прыватнасці, легалізуюцца крыптавалюты і смарт-кантракты. Дакументам здымаюцца абмежаванні і патрабаванні да аперацый па стварэнні, размяшчэнні, захаванні, адчужэнні, абмене крыптавалют, а таксама дзейнасці крыптавалютных біржаў і крыптаплатформ. Аднак самае дзіўнае — тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, павінна было ўвасабляцца ў жыццё ва Украіне. Тыя людзі, якія хацелі ўкараняць гэта ва Украіне — гэта рэальна быў украінскі праект — укаранілі яго ў Беларусі. Была каманда людзей, якія распрацоўвалі ўсё гэта ідэалагічна.

«Экономические Известия» (Украіна)

 

Эксперты мяркуюць, што галоўная перашкода для трансфармацыі «Белай Русі» ў партыю — нежаданне Аляксандра Лукашэнкі дзяліцца ўладай. Фактычна, «Белая Русь» ужо стала партыяй улады — сяброўства ў аб’яднанні з’яўляецца мерай лаяльнасці і адданасці ўладзе гэтак жа, як некалі гэта было ў КПСС. З’яўленне партыйнага статусу адразу надасць палітычную афарбоўку ўсім дзеянням «Белай Русі». Больш за тое, у партыі могуць з’явіцца свае партыйныя лідары, а ў іх — свае палітычныя амбіцыі. Калі ж надаць ёй статус партыі ўлады, то тут кіраўніку краіны адназначна прыйдзецца на яе азірацца. Аднак такі стыль праўлення непрымальны для Лукашэнкі, які прызвычаіўся панаваць аднаасобна.

«Независимая газета» (Расія)

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: