Замежныя СМІ пра Беларусь: 19–27 студзеня

У Мінску разумеюць, што ўзровень самасвядомасці значнай часткі беларускага насельніцтва саступае ўзроўню самасвядомасці ўкраінцаў, таму ў тым выпадку, калі ў Крамлі адважыліся б на авантуру, магчыма, усю Беларусь спасціг бы лёс Крыма. Знайшліся б людзі, знайшлася б пэўная падтрымка сярод мясцовага насельніцтва.

«Русбалт» (Расія)

Фота AP, Alvaro Barrientos

Крэмль паспрабуе паставіць беларускае кіраўніцтва ў такія ўмовы, што яму проста давядзецца паводзіць сябе лаяльна. А вішанькай на торце магла б стаць расійская авіябаза, на якой настойвала Масква, і ад якой Мінск адмовіўся. Спосабы, з дапамогай якіх Расія можа прывязаць Беларусь? Па-першае, гэта мінімізацыя субсідавання — крэдытаў і льготных паставак энерганосьбітаў, без якіх беларуская палітычная сістэма існаваць не можа. Па-другое, патрабаванне прыватызацыі «фамільнага срэбра», да якога ў РФ яшчэ ёсць цікавасць. Па-трэцяе, стварэнне ўласных ваенных рэсурсаў і пазбаўленне Беларусі магчымасці гандляваць з Расіяй дэкларацыямі аб ваенна-палітычным супрацоўніцтве. Па-чацвёртае, стварэнне іміджу Беларусі як саюзніка ненадзейнага і які рыхтуецца змяніць фронт, з дапамогай расійскай прапаганды, што зробіць беларускую контргульню вельмі складанай.

«Deutsche Welle» (Германія)


Сённяшняя сітуацыя ўнутры Украіны можа стаць паказальным урокам для суседніх дзяржаў, і ў першую чаргу для Беларусі. Цывільнае насельніцтва цяпер усведамляе, што актыўны ўдзел у палітычным жыцці свайго грамадства не з’яўляецца нейкай забаўкай. Кожны свой крок і рашэнне неабходна старанна абдумваць. Жыхары той жа Беларусі павінны выразна разумець, што ў выніку магчымага сыходу Аляксандра Лукашэнкі іх жыццё адразу ж не наладзіцца. Для гэтага неабходна будзе правесці вялікую працу, на якую далёка не кожны палітык здольны.

«Биржевой лидер» (Украіна)


У колах, якія займаюцца польскай усходняй палітыкай, на працягу доўгага часу існуе меркаванне, што Лукашэнка сапраўды стратэгічна залежыць ад Расіі, але ў той жа час з’яўляецца «буферам» паміж ёю і Захадам, таму што для яго важна, каб гэтая падпарадкаванасць не надта паглыблялася. І таму з ім варта фліртаваць. (...) У той жа час, стратэгічна, з польскага пункту гледжання, значна больш важным было б узмацненне падтрымкі беларускага народа. На самай справе, у крытычнай сітуацыі дзяржавай лёгка завалодаць, а яе дзяржапарат нават палегчыць гэты працэс. Значна цяжэй завалодаць народам, які ўсведамляе ўласную ідэнтычнасць.

«Do Rzeczy» (Польшча)


Што б ён (Дональд Трамп) ні казаў пра надыходзячае зніжэнне актыўнасці Вашынгтона за межамі ЗША і пра канцэнтрацыю на вырашэнні ўнутраных пытанняў, уплыў супердзяржавы на любыя падзеі ў свеце, у тым ліку на постсавецкай прасторы, нікуды не падзенецца. (...) Больш прадказальнай, як ні дзіўна, уяўляецца сёння лінія Мінска. У чарговы раз пакрыўджаны на Маскву і шукаючы «новых сяброў», Аляксандр Лукашэнка паспрабуе прадэманстраваць Вашынгтону распасцёртыя абдымкі. Убачыць іх Трамп — адно, а ці паверыць — зусім іншае.

«Независимая газета» (Расія)


За няпоўны месяц Беларусь надзвычай моцна ўзняла стаўкі ў дыялогу з Крамлём. Для шматлікіх расійскіх палітыкаў такі тэмп відавочна стаў шокам — выразнай рэакцыі не агучана нават сёння. Стаўкі паднятыя, падзеі набіраюць дынаміку — студзень і люты ў беларуска-расійскіх адносінах абяцаюць быць вельмі «цёплымі» і напоўненымі яскравымі падзеямі. Абедзве краіны ўсімі спосабамі паспрабуюць паказаць, як трэба «любіць» саюзніка.

«Обозреватель» (Украіна)



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: