
Фота newinform.com
Расія не пацерпіць сыходу краіны з яе геапалітычнай і эканамічнай арбіты. Асабістая непрыязнасць паміж былым старшынёй калгаса і былым агентам КДБ уяўляе сабой яшчэ адну рызыку. Захаду не варта прымаць у свае абдымкі Лукашэнку, які кіруе былой савецкай рэспублікай з 1994 года. Але ЗША і Заходняя Еўропа могуць даць зразумець, што яны ўсё бачаць і прызнаюць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Напружанасць у Беларусі зноў паказвае, што нават бліжэйшыя да Расіі краіны не хочуць уваходзіць у гэтую сферу.
«The Wall Street Journal» (ЗША)
Аляксандр Лукашэнка ў сваіх знешнепалітычных кроках да гэтага часу імкнуўся захоўваць максімальную свабоду дзеянняў. Але ў яго дзяржавы мала шанцаў атрымаць новыя імпульсы ў межах Усходняга партнёрства і прасунуцца ў перамовах аб заключэнні дагавора аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Усё ж такі трэба глядзець скептычна, бо Беларусь застаецца і застанецца вельмі залежнай ад Расіі і палітычна, і эканамічна. Расія дамінуе ў стратэгічных і эканамічных сектарах Беларусі, а менавіта ў энергетыцы, не кажучы ўжо пра пытанні бяспекі. Свабода знешнепалітычных манеўраў вельмі абмежаваная.
«Телеграф» (Латвія)
Хваляванні імітаваў сам Лукашэнка. Вы спытаеце: для чаго? О, прычын у яго цэлае мноства. Па-першае, гэта праверка празаходняга крыла палітыкаў і іх лідара, Уладзіміра Макея. У апошні час Макей рэзка «ўзмацніўся», і ў яго, відавочна, з’явіліся амбіцыі. А ну калі раптам прэзідэнцкія? Па-другое, гэта магчымасць вылічыць тых, хто гатовы «памайданіць». Шушкевіч, Статкевіч і Саннікаў — з імі даўно ўсё зразумела. Па-трэцяе, імітацыя «майдана» — выдатная магчымасць, каб «выпусціць пару». Народ бяднее? Расце незадаволенасць? Ідзіце на мітынг. Але абавязкова своечасова разыдзіцеся — і прыбярыце там за сабой.
«Наша версия» (Расія)
Няма ні найменшага сумневу, што «тактычная любоў» Парашэнкі да Лукашэнкі і беларусаў на справе — падступнае «мазепінства». Цяперашняе абвастрэнне расійска-беларускіх адносін Кіеў і яго замежныя натхняльнікі спрабуюць выкарыстоўваць, правакуючы Бацьку на новыя крызісныя кульбіты. Пры гэтым, прымаючы Бацьку ў шэрагі сваіх раптоўных саюзнікаў, Парашэнка не можа растлумачыць, чаму ж Кіеў дазваляе на сваёй тэрыторыі практычна ўсяму актыву апазіцыйных беларускіх партый і груповак займацца падрыўной дзейнасцю супраць Лукашэнкі і існуючага дзяржаўнага ладу Беларусі.
«Одна родина» (Расія)
Расіі будзе не так проста арганізаваць дзяржаўны пераварот у Беларусі. У Беларусі ёсць грамадства. І не так даўно гэтае самае грамадства паказала, што яно яшчэ жывое, выйшаўшы на мітынгі. Бенефіцыяр перавароту павінен мець нейкую легітымнасць. Калі ў Беларусі ў якасці «спадчынніка» вылезе нейкі чорт з табакеркі, дык альбо народ яго прыме, альбо не. Гарантый няма, і чым гэта скончыцца, невядома.
«Обозреватель» (Украіна)
З выступаў Аляксандра Лукашэнкі вынікае, што Беларусь і Расія, быццам бы, пачалі новую барацьбу. Аднак на самай справе гэта ўсё той жа самы стары бой. На працягу гадоў Лукашэнка спрабуе выкарыстаць Еўрасаюз і Расію, падманваючы іх.
«Foreign Policy» (ЗША)