Замежныя СМІ пра Беларусь: 10–16 жніўня

29 ліпеня 2013 года ў Мінску беларускі лідар на сустрэчы з Патрыярхам Кірылам і кіраўнікамі праваслаўных цэркваў адзначыў: «Адзіная вера, якая ляжыць у аснове славянскіх культур, збліжае нас і робіць зразумелымі адзін аднаму. Ніякія межы не могуць падзяліць тое глыбокае адзінства, якое вырастае з нашай гісторыі». Аднак Боскую літургію на мінскім замчышчы А. Лукашэнка так і не наведаў.



Перад пачаткам набажэнства адбылася паказальная неспадзяванка — адзін з прадстаўнікоў БПЦ звярнуўся да прысутных на беларускай мове і замест слоў аб адзіных каранях і Кіеўскай Русі стаў разважаць пра перыяд Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), пра багацце і старажытнасці беларускай культуры, хаця менавіта ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай праваслаўных уціскалі і абмяжоўвалі ў правах. Зрэшты, і ў нетрах БПЦ нямала тых, хто хацеў бы большай самастойнасці ад РПЦ і «беларусізацыі» царкоўнага жыцця.

«Столетие» (Расія)

Калі А. Лукашэнка ў думках даўно змірыўся з існаваннем у Беларусі «фракцыі заходнікаў», то дапусціць, хаця б у думках, існаванне ў яго краіне «фракцыі прарасійцаў» ён ніяк не можа. Таму што як палітык ён сам пачынаў узыходжанне да ўлады ў Беларусі як «прарасіец», як антыпод «заходнікам» (Пазьняку, Шушкевічу). Таму што для яго персаналісцкай улады ў Беларусі пагроза з Захаду (ад беларускіх «заходнікаў») менш небяспечная, чым пагроза з Усходу. Лукашэнку выгадна захоўваць манаполію на яго адносіны з Расіяй, бо яго рэжым палітычна падтрымліваецца і эканамічна ўтрымліваецца толькі за кошт Крамля. Каб не даць Крамлю спакусу змяніць яго на ўмоўнага Баранчыка або Уса, або Фралова, або Ярашука, Лукашэнка вымушаны бязлітасна знішчаць любыя парасткі беларускіх «славянафілаў» у Беларусі»

«Хвиля» (Украіна)

Паводле слоў экспертаў, Беларусь цяпер з’яўляецца своеасаблівым «міграцыйным тэрміналам». У яе з Расійскай Федэрацыяй празрыстыя мяжы, таму праз Расію нелегалы ​​трапляюць у Беларусь, а там ужо пачынаюць шукаць магчымасці для далейшага пераходу. Іх, як правіла, затрымліваюць, дэпартуюць, аднак праз пэўны час яны зноў вяртаюцца. Галоўныя прычыны вялізнага патоку нелегальных мігрантаў, якія ідуць транзітам праз Беларусь у Заходнюю Еўропу — абвастрэнне становішча ў Цэнтральнай Азіі. Амерыканскія войскі хутка пакінуць Афганістан, і мы ўбачым другую хвалю эміграцыі, аналагічную той, якая назіралася пасля сыходу войскаў СССР.

«Правда.ру» (Расія)

Знаёмства з Мінскам было ў мяне, мякка кажучы, своеасаблівым. Выходжу (з гатэля) — і... І бачу, што на мяне рухаецца магутным патокам калона людзей у ярка-аранжавай уніформе, у руках у іх саўкі і венікі, а ўсе асобы — са слядамі нялёгкага мінулага ў калоніях строгага рэжыму. Калона моўчкі прайшла міма, а я, здаецца, нават перахрысціўся «пра сябе». Гэта ўжо потым я даведаўся, што ў рэспубліцы тады дзейнічала асаблівае правіла. Ледзь не сам прэзідэнт распарадзіўся: датэрмінова выпускаць з турмаў людзей, якія туды патрапілі па «лёгкіх артыкулах», каб яны астатні тэрмін маталі ўжо на волі — працавалі на карысць Мінска, дапамагаючы дворнікам ад усёй сваёй крымінальнай душы. Таму нават не ведаю, каму дзякаваць за такі чысты (да бляску!) Мінск — ці то звычайным дворнікам, ці то зэкам з венікамі...

«Информационный сайт Даувгапилса» (Латвія)

Беларусь закіпела ў размовах пра норавы. У дзяржаве, якая тэмы сэксу і распусты апошнія 18 гадоў свядома абыходзіла бокам, апошнім часам здарылася занадта шмат сэксуальных скандалаў... Дарэчы, многія жыхары Мінска перакананыя: з ростам папулярнасці Беларусі сярод расійскіх турыстаў на вуліцы вярнулася прастытуцыя. А павышаным попытам у турыстаў з Расіі і Украіны «мінскі напрамак» стаў карыстацца пасля таго, як Беларусь засталася адзінай краінай у рэгіёне, дзе легальна працуюць буйныя казіно. У адным толькі Мінску іх больш за 60. Месяц таму амерыканскае агенцтва Bloomberg уключыла Беларусь у дзясятку самых фрывольных краін свету. ...Усе гэтыя скандалы, зразумела, вельмі моцна б’юць па самалюбстве беларускага кіраўніцтва, якое вось ужо шмат гадоў паўтарае, што рэспубліка — апора спакою, памяркоўнасці і маральнасці ў Еўропе.

«The New Times» (Расія)

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: