Трансфармацыя і параза Мілана Адзінага

Пасля трох дзясяткаў гадоў праўлення Чарнагорыяй, яе predsjednik (так тут называюць прэзідэнта) Міла Джуканавіч у выніку праведзеных 30 жніўня 2020 года выбараў страціў кантроль над парламентам краіны. Спецыяльна для «Новага Часу» пра значнасць падзеі піша чарнагорскі журналіст Міёдраг Драгамілавіч.

Фота eureporter.co

Палітычныя эксперты звыкла спрачаюцца наконт дэталяў, але сыходзяцца ў сутнасці ацэнак: падобна, што «апошні кароль Црна Горы» пацярпеў гістарычную палітычную паразу. Хаця яшчэ паўтара месяца таму аўтарытэтны лонданскі штотыднёвік «The Economist» вельмі ёміста і красамоўна называў яго «Кароль Міла Адзіны».

Сапраўды, гэты палітык неаднаразова даводзіў сваё тонкае майстэрства паспяхова плаваць у часта фатальных водах балканскай палітыкі. У працяглым серыяле «Джуканавіч пры ўладзе» было мноства сезонаў — і пра югаслаўскія войны, і пра сяброўства з Мілошавічам, і пра незалежнасць 2006-га, і пра «еўраатлантычную фазу». У гэтай, апошняй, у лідараў Захаду ў адносінах да Міла, падобна, масава выявілася нейкая «добразычлівая амнезія» да яго ранейшых грахоў. Напрыклад, італьянская юстыцыя доўгі час абвінавачвала Джуканавіча ў кіраванні каласальным трафікам кантрабандных цыгарэт.

Міла ўмела прытрымліваўся менавіта такой выйгрышнай стратэгіі знешнепалітычнага пазіцыянавання, балазе, яна падсілкоўвалася складанымі перыпетыямі супрацьстаяння з тымі часткамі апазіцыі, якія геастратэгічна былі не супраць флірту з Расіяй або ставілі на падтрымку з боку Сербіі.

Найбольш драматычны — і пры гэтым найбольш тэатральны — момант гэта стратэгія перажыла падчас парламенцкіх выбараў 2016 года. Чарнагорскія спецслужбы правялі серыю арыштаў, у выніку якіх было абвешчана пра выкрыццё дзяржаўнага перавароту дзеля фізічнай ліквідацыі Джуканавіча і «прадухілення ўступлення краіны ў NATO».

Аднак ні адносна прасунутая стадыя інтэграцыя з ЕС (у 2010 годзе Чарнагорыя стала кандыдатам у Еўрасаюз), ні ўступленне ў NATO ў 2017 годзе не здымалі эканамічных праблем, унутрыпалітычнай напружанасці і пратэставай актыўнасці ў краіне. У значнай ступені менавіта масавая незадаволенасць выклікала рэкордную яўку на выбарах 30 жніўня — прагаласавалі 76,65% выбаршчыкаў.

Вынікі выбараў у Міла вельмі кепскія. Упершыню з 1991 года Джуканавіч і яго ўмоўна левацэнтрысцкая Дэмакратычная партыя сацыялістаў (ДПС) ужо не кантралююць мясцовы парламент. Пасля падліку галасоў на парламенцкіх выбарах 30 жніўня ў краіне сапраўды паўстаў новы палітычны ландшафт: ДПС, хоць і захавала за сабой адносную большасць (30,5% галасоў — гэта ў выніку прынесла 30 крэслаў парламентарыяў з 81), ужо не здольная, нават пры падтрымцы традыцыйных саюзнікаў, стварыць уласную ўрадавую кааліцыю і вымушана ісці ў апазіцыю.

Зрынула «караля» з яго парламенцкіх пазіцый вельмі стракатая кампанія, якую аб’ядноўвала дагэтуль, мабыць, толькі агульнае жаданне «скончыць з рэжымам найстарэйшага дыктатара Еўропы» (так на Балканах называюць Міла). Тут і арыентаваны на Сербію кансерватыўны правапапулісцкі альянс «За будучыню Чарнагорыі» (32,55% і 27 парламенцкіх месцаў), і праеўрапейская цэнтрысцкая, з украпінамі правацэнтрыстаў і «новых левых» левацэнтрыстаў, кааліцыя «Свет — наша нацыя» (12,54% і 10 месцаў), і эколагі-левацэнтрысты з «Ujedinjena reformska akcija» (5,53% і 4 месцы). У выніку ў актыве ў «тройкі» (а дакладней, доўгага спісу чальцоў яе кааліцыі) — 41 парламентарый з 81.

Уласна, прычыны краху Джуканавіча хаваюцца ў глыбокіх супярэчнасцях, якія суправаджалі ўсю доўгую эпічную эпоху яго панавання. Гэтыя трыццаць гадоў адзначаныя ў гісторыі Чарнагорыі (зрэшты, як і ў гісторыі ўсіх Заходніх Балканаў) мноствам драматычных падзей. З вельмі маладога і заўзятага прыспешніка Мілошавіча падчас канфліктаў, якія суправаджалі крывавы распад Югаславіі, тагачасны «рэвалюцыянер-антыбюракрат» Міла з гадамі трансфармаваўся ў праеўрапейскага лідара. Але гэта не замінала яму пабудаваць рэжым з развітай глыбокай карупцыяй, сур’ёзнымі абмежаваннямі свабоды друку і татальным падпарадкаваннем. Калі ўвогуле не сказаць — прыгнётам усіх дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў на карысць асабістым інтарэсам Джуканавіча і яго блізкага партыйнага кола. Позна ці рана такая мадэль павінна была альбо рэфармавацца, альбо згінуць.

Што далей? Першыя крокі новай кіруючай кааліцыі пакуль выглядаюць як пакет прапаноў пра выхад са стану напружанасці. Выбаршчыкам дэмпартый сацыялістаў прапануецца ідэя «нацыянальнага прымірэння» аж да прапановы ўваходу іх палітструктуры ва ўрад. Гаворка ідзе пра «новы, тэхнічны ўрад з асноўнай мэтай вывесці краіну з эканамічнага крызісу», а таксама пра «працягванне рукі этнічным меншасцям» ды «перагляд дыскрымінацыйных захадаў», і гэтак далей.

Вядома, сігналы ў абавязковым парадку дасылаюцца і на знешнепалітычным узроўні — з фармальным пацвярджэннем прыхільнасці дамоўленасцям працягваць ісці па шляху інтэграцыі ў Еўрасаюз.

Аднак казаць пра фінал для Джуканавіча таксама пакуль не варта. Гросмайстар чарнагорскай палітыкі захаваў за сабой пасаду прэзідэнта і застаецца далей у гульні. Яго мандат заканчваецца ў 2023 годзе. Джуканавічу можа дапамагчы рэльефнае выяўленне глыбокіх канфліктаў паміж складнікамі новага ўрада. Асабліва калі ў бліжэйшыя месяцы ў краіне паглыбіцца эканамічны крызіс, цесна звязаны з сітуацыяй вакол COVID-19.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: