Запускайце Моніку!

Моніка Левінскі, фігурантка славутага сэкс-скандалу часоў адміністрацыі Біла Клінтана, зноў у цэнтры ўвагі. На думку піяршчыкаў Дональда Трампа, яна можа дапамагчы кандыдату ад рэспубліканцаў перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах.


Паводле культуролагаў, спажывецкая індустрыя сфармавала цяперашні вобраз жаночага хараства яшчэ да Другой сусветнай вайны, калі подыумы акупавалі фігурныя бландзінкі а-ля Мэрлін Манро. Аднак напрыканцы 90-х гадоў самай папулярнай жанчынай у свеце нечакана стала далёкая ад звыклых стандартаў прыгажосці паўнаватая брунетка Моніка Левінскі.

Сваёй вядомасцю 22-гадовая Моніка была абавязаная флірту з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам падчас стажыроўкі сакратаркі ў Белым доме. Флірт стаў здабыткам грамадскасці і ледзь не каштаваў прэзідэнту пасады, паколькі на парламенцкіх слуханнях Біл нахабна, наўпрост на камеры, хлусіў пра тое, што не мае ніякіх адносінаў з практыканткай.

Пакуль Біла цягалі на допыты, Моніка перажывала супярэчлівыя пачуцці. Па яе словах, у той час ёй была вельмі няўтульна праз пікантныя аспекты скандалу і шалёны інтарэс прэсы да яе асобы. З іншага боку, яна літаральна купалася ў славе. Нездарма яе мемуары, выдадзеныя ў 2000 годзе, сталі бестселерам.

Праўда, цягнулася гэта нядоўга. Пасля атакі тэрарыстаў на вежы-блізняты і надыход эры глабальнай барацьбы з тэрарызмам, сексуальныя прыгоды Біла ўжо не выклікалі былой цікавасці. Пра Левінскі, якая спрабавала сябе ў бізнесе і псіхалогіі, узгадвалі час ад часу. Хаця прыкладна з 2014 года яе некалькі разоў запрашалі на буйныя нацыянальныя шоу.

І вось цяпер Левінскі, якой зараз 43 гады, зноў вяртаецца на першыя палосы газет. Прычынай стаў нечаканы паварот у выбарчай прэзідэнцкай кампаніі, калі ў цэнтры ўвагі апынуліся даўнія выказванні Дональда Трампа, якія брутальна дыскрымінуюць жанчын. Скандал дасягнуў такіх маштабаў, што кіраўніцтва рэспубліканцаў збіралася пазбавіць Трампа права прадстаўляць партыю на выбарах.

Шукаючы адказ на атакі феміністак, у выбарчым штабе Трампа раптам узгадалі пра Моніку. Якім чынам Левінскі можа дапамагчы Дональду Трампу? Вельмі проста. Мусіруецца думка, што канкурэнтка Трампа, Хілары Клінтан, цудоўна ведала пра адносіны яе мужа з Монікай. Больш за тое, кандыдатка ад дэмакратаў таксама ведала і пра іншыя раманы Біла. Дакладна вядома, што ён, ужо знаходзячыся на дзяржаўных пасадах, меў адносіны з Паўлай Джонс, Джэніфер Флаўэрс і Хуанітай Браадрык.

Калі верыць споведзям згаданых жанчын, іх стасункі з Білам менш за ўсё нагадвалі рамантыку. Біл вельмі брутальна дамагаўся кахання, аж да спробаў гвалту, пра якую распавяла Хуаніта Браадрык. Ёсць інфармацыя, што пра ўсё гэта таксама было вядома Хілары. Аднак здрады мужа і характар адносінаў з жанчынамі-каханкамі Хілары нібыта ўспрымала дастаткова абыякава, і нават часам іранізавала з гэтага.

«Хіба гэта не лепшы доказ таго, што тэма годнага стаўлення мужчын да жанчын мадам Клінтан не хвалюе?» — запытаюцца піяршчыкі Трампа. Калі ім верыць, яна нават з’яўляецца саўдзельніцай гвалтоўных сексуальных учынкаў Біла.

Даходзіць да абсалютна фантастычных тэорый, паводле якіх Хілары ледзь не сама штурхала мужа ў абдымкі Монікі, прагматычна пралічыўшы магчымыя наступствы скандалу. Дзякуючы афёры з Левінскі, Хілары набыла вобраз ахвяры і стала вельмі папулярнай сярод амерыканскіх жанчын, якія сёння складаюць касцяк яе электарату. Паводле сацыёлагаў, Хілары сімпатызавалі ў той час да 67 працэнтаў амерыканцаў.

Ці здольная піяр-зброя па прозвішчу Левінскі падарваць электаральныя пазіцыі Хілары Клінтан? На гэтую тэму ў амерыканскай прэсе разгарнулася сапраўдная дыскусія.

Перш за ўсё, трэба прызнаць, што тэзісы піяршчыкаў Трампа пра штучны фемінізм Хілары сапраўды мелі гучны рэзананс. Іх актыўны тыражуюць левыя фемінісцкія СМІ, якія не любяць звязаную з Уол-Стрыт Клінтан. Далучыліся да кампаніі і выданні, якія абараняюць сямейныя каштоўнасці. Напрыклад, Vox.com піша, што грамадства, з улікам новых тэндэнцый, не можа пасіўна ставіцца да сексуальных злачынстваў — нават тых, якія былі вельмі даўно. А тым больш да злачынстваў, якія мелі месца ў Белым доме.

Паралельна ўзнікла палярная думка. Напрыклад, выданне Spectator.org звяртае ўвагу, што ў сваіх мемуарах сама Моніка сцвярджала: у іх з Білам было ўзаемнае каханне. Таму, як лічыць аўтар публікацыі, усе прэтэнзіі наконт таго, што Хілары ігнаравала сексуальныя дамаганні яе мужа да іншых жанчын, не маюць падстаў. Праўда, Spectator.org дапускае: Хілары могуць абвінаваціць, што яна ўсё ж была ў курсе паводзінаў мужа, які дапускаў сексуальны гвалт адносна жанчын, аднак пры гэтым упарта маўчала.

На думку большасці каментатараў, эфект ад «уваскрашэння Левінскі» будзе невялікі. Магчыма, фемінісцкі імідж Клінтан і можна было б разбурыць, аднак не ў выпадку, калі гэта робіць такі чалавек, як Дональд Трамп, і яго каманда. Лепшым аргументам тут ёсць рэакцыя самога Трампа на скандал з Монікай. У разгар гісторыі ён характарызаваў справу Левінскі як «абсалютна не важную рэч». І, больш таго, — раіў Білу знайсці сабе замест Монікі больш гарачую каханку. У гэтым плане некаторыя палітолагі прагназуюць, што спроба выкарыстаць Моніку можа вярнуцца да Трампа бумерангам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: