Зарабіць на Калядах

Для кагосьці Каляды — святы і адпачынак, а для нямецкага бізнесу самы гарачы час. Калядны шопінг прыносіць шалёныя прыбыткі. Праўда, далёка не ўсе немцы задаволеныя спажывецкай ліхаманкай напярэдадні 25 снежня.

Фота piligrymka.by

Некаторыя выданні сцвярджаюць, што падарункамі на Каляды немцы пачынаюць цікавіцца аж напрыканцы лета. Нездарма ў краіне выдаюцца дапаможнікі па стратэгіі набыцця калядных падарункаў. Тыя дапаможнікі раяць вызначацца на гэты конт прыкладна ў кастрычніку, каб ужо ў лістападзе спакойна набыць рэч, што спадабалася. Аднак, нягледзячы на ўвесь характэрны немцам прагматызм і рацыяналізм, усё роўна кульмінацыя каляднага шопінгу прыходзіцца на чатыры апошнія тыдні сыходзячага года. У гэты час цэнтральныя вуліцы ператвараюцца ў сапраўдны Вавілон.

На першы погляд, чатыры тыдні — не такі ўжо і вялікі перыяд. Між тым, гэтага часу дастаткова, каб зарабіць грошай на год наперад. Да прыкладу, адна стандартная кніжная кропка ў Германіі зарабляе на Каляды на продажы календароў прыкладна 10 тысяч еўра. Яшчэ больш можна атрымаць, калі разліваць глінтвейн на калядных кірмашах, — да 100 тысяч еўра. Усяго ў мінулым годзе на Каляды немцы набылі тавараў на суму 17 мільярдаў еўра.

Дарэчы, у мінулым годзе ў сярэднім грамадзянін Германіі выдаткаваў на калядныя падарункі прыкладна 276 еўра. Гэта было на шэсць еўра больш, чым у папярэднім, 2016 годзе. Няма сумневаў, што Каляды 2018-га паб’юць той рэкорд.

З улікам агучаных лічбаў, не дзіўна, што ў нямецкай гаспадарцы існуе нават такая спецыфічная галіна, як выпуск тавараў і прадуктаў, якія прадаюцца выключна напярэдадні Калядаў. Самы вялікі сегмент у гэтай галіне займае вытворчасць цацак, сувеніраў і прысмакаў (прыкладна па 25 працэнтаў). На трэцім месцы — парфума і вопратка (каля 19 працэнтаў). Натуральна, пакупнік цікавіцца не толькі каляднымі таварамі. Гандлёвыя цэнтры абвяшчаюць у гэты час распродажы.

У нямецкім бізнесе існуе нават такі накірунак, які можна назваць «калядны маркетынг», што вывучае паводзіны пакупнікоў падчас Калядаў. Так, за кошт даследаванняў даведзена, што кліенты крамаў больш ахвотна набываюць тавары ў прывабнай упакоўцы. Калі такая ўпакоўка будзе чырвонага колеру, шанцы прадаць тавар яшчэ большыя. Нарэшце, важна стварыць у пакупніка адпаведны эмацыйны настрой. Паводле тых жа даследаванняў, добры святочны настрой, які можа сфармаваць праз дызайн крамы і музычны фон, моцна ўплывае на пакупніцкі апетыт.

З іншага боку, тая статыстыка сведчыць, што асаблівы дызайн крамаў на Каляды, магчыма, нават не абавязковы. Бюргерам проста падабаецца хадзіць па маленькіх крамах у час Калядаў і нешта хаатычна набываць. Гэты папулярны звычай не здолелі разбурыць ані велізарныя камерцыйныя цэнтры, ані продажы праз інтэрнэт. Калядныя продажы праз інтэрнэт складаюць каля 19 працэнтаў ад усіх пакупак у гэты час, хоць набываць мышкай зручна і лёгка. На вялікія гандлёвыя цэнтры прыходзіцца 41 працэнт пакупак.

Хаця калядны шопінг карыстаецца ў Германіі вялікай папулярнасцю, стварае рабочыя месцы і напаўняе бюджэт, стаўленне да гэтай з’явы ў грамадстве амбівалентнае. Прафсаюзам не падабаюцца спробы бізнесу перагледзець графік працы крамаў у снежні. На цяперашні час гандлёвыя кропкі ў ФРГ, у тым ліку на святы, павінны зачыняцца аб 18.30, а ў нядзелю ўвогуле не працаваць.

Прадпрымальніцкае лобі даўно змагаецца за новы расклад працы крамаў на Каляды, аднак пакуль беспаспяхова. Дарэчы, мясцовыя ўлады часам не супраць рэформы, аднак такія спробы блакуе Федэральны суд са спасылкай на Канстытуцыю.

Яшчэ большым праціўнікам шопінгу на Каляды з’яўляецца царква. Натуральна, святарам не падабаецца, калі людзі ў падчас Калядаў замест малітваў і думак пра Бога бегаюць за таварамі па акцыі. Акрамя таго, камерцыйны ажыятаж адбіваецца на колькасці наведвальнікаў набажэнстваў. «Калі шопінг будзе на першым месцы, усё ператварыцца ў тавар», — паскардзіўся ў 2010-м старшыня савету Нямецкай Евангельскай Царквы.

Напэўна, у чымсьці святар мае рацыю, аднак усё ж, думаецца, яго заява гучыць трошкі катэгарычна. Калядны шопінг — усяго толькі адзін з элементаў гэтага любімага свята немцаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: