Затрымалі падазраваных у забойстве Шарамета

Пра затрыманне падазраваных у забойстве журналіста Паўла Шарамета​ паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook міністр унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў. Ён анансаваў брыфінг па гэтай справе, на якім будзе агучана абвінавачанне, паведамляе Радыё Свабода.
Раней паведамлялася, што паліцыя Украіны затрымала сямейную пару добраахвотнікаў з батальёну «Правы сектар», якія могуць фігураваць у справе. Пакуль невядома, ці ідзе гаворка пра тых самых людзей

Як паведамляла ўкраінскае інтэрнэт-выданне «Українська правда», у якім да сваёй гібелі працаваў Павал Шарамет і якое шчыльна займаецца ходам расследавання справы аб ягоным забойстве, Уладзімір Грышчанка (пазыўны «Буча») затрыманы 24 верасня, а ягоная жонка Іна (пазыўны «Пума») – 5 лістапада.

Суд арыштаваў іх абаіх на час расследавання іншай справы, пачатай у ліпені 2018 году – добраахвотнікі падазраюцца ў замаху на забойства і неасцярожных паводзінах са зброяй.

Амбасада ЗША ва Украіне заклікала да «справядлівасці адносна сям’і Паўла Шарамета»
«Паводле версіі следcтва, Грышчанкам і іхнаму знаёмаму, таксама ветэрану антытэрарыстычнай аперацыі, Івану Вакуленку, заказалі забойства жыхара Івана-Франкоўскай вобласці. Яны нібыта зрабілі выбуховае прыстасаванне і прымацавалі яго да машыны ахвяры ў горадзе Косава 13 ліпеня 2018 года. Аднак выбуху не адбылося, бо пацярпелы мужчына сам заўважыў выбуховае прыстасаванне», – паведамляе «Українська правда».

Паводле інфармацыі выдання, пацярпелым павінен быў стаць 61-гадовы Міхаіл Чакурак, якога цяпер таксама судзяць за напады, рабаванне і падрыў будынку.

Справу Грышчанкаў расследавала пракуратура Івана-Франкоўску, але цяпер усе матэрыялы перададзеныя ў Кіеў, у галоўнае ўпраўленне паліцыі.

Як пісала сама Іна Грышчанка пасля арышту свайго мужа, справа перададзеная ў Кіеў з фармулёўкай «у сувязі з датычнасцю да іншых злачынстваў». Паводле яе, на Уладзіслава «вешаюць» ня толькі замах на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласці, а і журналіста Паўла Шарамета.

«Ці могуць яны звязаць гэта з Паўлам Шараметам? Я ня вельмі ўпэўнены, бо гэтага эпізоду сапраўды няма. Магчыма, яны атрымалі нейкія відавочныя доказы датычнасці да іншых злачынстваў. Да чаго менавіта – у матэрыялах, якія я маю, такога няма», – сказаў адвакат Масі Наем, які абараняў Іну Грышчанку ў судзе ў часе абрання для яе меры стрымання.

У той жа час «Українська правда» піша, што знешні выгляд Уладзіслава і Іны Грышчанак сапраўды падобны на падазраваных, прыкметы якіх абвясціла афіцыйна следства. Апроч таго, справу сямейнай пары пра замах на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласці вядзе той жа следчы, што і справу аб забойстве Паўла Шарамета.

У Нацыянальнай паліцыі гэтую сітуацыю не каментавалі.

44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павал Шарамет, які працаваў у СМІ Беларусі, Расеі і Украіны, загінуў 20 ліпеня 2016 году, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.

Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.

Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядалася помста за прафесійную дзейнасць. Следcтва таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне, з асабістых матываў або памылкова (цэллю магла быць грамадзянская жонка загінулага, уладальніца выдання «Українська правда»​ Алена Прытула, – менавіта на яе аўтамабілі ехаў Шарамет у момант трагедыі).

Месяц таму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што вызначыў тэрміны завяршэння расследавання справы аб забойстве Шарамета, але адмовіўся назваць прычыны яе засакрэчвання.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: