«Зіма ваша, вясна наша!»

Менавіта так гучаў у часы «Салідарнасці» лозунг польскай апазіцыі, які сёння ўзялі на ўзбраенне беларускія дэмакраты.
Нарадзіўся той лозунг на мяжы 1982-га па слядах увядзення ў краіне надзвычайнага становішча (13 снежня 1981-га). У той жа дзень па краіне пракацілася хваля арыштаў усіх патэнцыйна падазраваных у «супраціве зацвярджэнню сацыялістычнага парадку». У выніку ў спецыяльных лагерах хутка аказаўся практычна ўвесь апазіцыйны актыў, што не дазволіла адразу супрацьстаяць новаму рэжыму, хаця спарадычныя акцыі супраціву, натуральна, адбываліся.

Акрамя таго, у першыя дні пасля абвяшчэння новага парадку Ярузэльскі адправіў на вуліцы безліч жаўнераў і міліцыянтаў. «Першыя месяцы ваеннага становішча маглі стварыць уражанне, што вуліцы гарадоў належаць толькі сілавікам — арміі і міліцыі, іх узброеным патрулям і калонам спецыяльнай аўтамабільнай міліцыі, якія кружлялі па гарадах», — успамінае адзін з сучаснікаў. Не кажучы пра тое, што ўмовы зімы (у той сезон яна была вельмі суровай) не вельмі пасавалі пратэставым вылазкам.

З іншага боку, у тую ж зіму пачала паўставаць сетка нізавога падпольнага друку. Аўтары ўлётак, інфармацыйных лістоў вельмі часта пісалі пра тое, што ў «Салідарнасці» будзе шанец. Стыхійна ў самвыдаце нарадзілася думка, што рэванш за снежаньскі хапун абавязкова будзе ўвесну. Стаўку на вясенні наступ узмацняла і лакальная традыцыя супраціву. У часы нямецкай акупацыі сябры падполля любілі казаць: «Іm słoneczko wyżej, tym Sikorski bliżej» — «Чым сонца вышэй, тым Сікорскі (лідар эміграцыйнага польскага ўраду) бліжэй». Да таго ж сама атмасфера вясны міжволі спрыяе думкам пра змены.

Фраза пра «нашу вясну» і «вашу зіму» хутка аказалася настолькі папулярнай, што на яе неяк адрэагаваў сам Войцэх Ярузэльскі. «Вясна не будзе “вашай”, а толькі сацыялістычнай і польскай», — сказаў генерал. Пазней падкарэктавалі дэвіз і аматары жартаў. У іх выкананні ён гучаў так: «Зіма ваша, вясна наша, а лета — мумі-троляў!» «Лета мумі-троляў» — так у польскім перакладзе называлася папулярная кніжка дзіцячай пісьменніцы Туве Янсан.


Што атрымалася ўвесну 1982-га? Апазіцыя сапраўды моцна пра сябе заявіла. У Варшаве на Першамай альтэрнатыўная дэманстрацыя сабрала пад 30 тысяч удзельнікаў. Падобныя маршы адбыліся ў той жа дзень у Беластоку, Гдыні, Лодзі, Шчэціне, Торуні… У Гданьску маніфестанты прыйшлі да будынка, дзе быў інтэрніраваны Лех Валенса, і з лозунгам «Вярніце Леха!» патрабавалі яго вызвалення.

Гледзячы па ўсім, улада разумела, што кантраляваць вуліцу не атрымаецца. Таму яна прыдумала цікавую тактыку. Усе сілы былі сканцэнтраваныя на ахове ўрадавых кварталаў. Толькі ў Варшаве сюды сцягнулі каля дзесяці тысяч жаўнераў. Затое па месцах збору і па маршруце дэфіле апазіцыі сілавікоў не назіралася. Як пішуць гісторыкі, у Ярузэльскага, напэўна, разумелі, што разгон альтэрнатыўных мерапрыемстваў негатыўна адаб’ецца на іміджы рэжыму. Хаця там-сям (напрыклад, у Торуні або ў Бела-Падлясцы) справа дайшла да сутычак.

Збольшага ж усё закончылася мірна. Выступы «Салідарнасці» ўвесну 1983-га, а пасля ў 1984 і 1985 гадах таксама не прывялі да краху рэжыму. Усё гэта дазваляе задацца пытаннем: наколькі прадуктыўная аказалася тактыка вясенняй мабілізацыі апазіцыйнага актыву пасля зімовага анабіёзу?

У гісторыкаў няма адназначнага адказу на пытанне. Фармальна, вясенняя мабілізацыя не дасягнула сваіх мэтаў. З іншага боку, яна стала рэгулярным напамінам пра існаванне «Салідарнасці», якую ўлады беспаспяхова спрабавалі сцерці з сацыяльнай памяці палякаў. У дадатак мабілізацыя трымала грамадства ў тонусе. Успаміны ўдзельнікаў вясенніх акцый дыхаюць эмоцыямі і верай у перамогу. «Усюды бела-чырвоныя сцягі і вымпелы “Салідарнасці”, шмат кветак. Транспаранты з надпісам “Салідарнасць” шумяць на моцным ветры. Мы ўздымаем два пальцы ўверх — знак V — перамога. Хаця хто яго ўбачыць у такім акіяне, невядома! Скандуем: “Прэч з ваенным становішчам!”, “Хопіць беззаконня!” [...] Натоўп рухаецца да базілікі Дзевы Марыі. На пярэдняй панэлі размешчаны транспарант: «Салідарнасць не згінула, пакуль мы жывыя!». Мы ідзем па горадзе, нідзе ніводнага спецназаўца або міліцыянера. Ніводнага!» — прыгадвае ўдзельнік першамайскай дэманстрацыі 1982 года ў Гданьску.

Таму заслугоўвае ўвагі думка, што сістэмныя вясеннія выступы дазволілі апазіцыі арганізацыйна і маральна выстаяць. Выстаяць да 1988-га, калі камуністычная эліта аказалася не здольнай лакалізаваць новую серыю страйкаў. У выніку яна пагадзілася на дыялог, і з часам — на перамовы аб трансфармацыі краіны.

У гэтым плане, напэўна, толькі вясну наступнага, 1989 года, калі ў Польшчы прайшлі вольныя выбары, польская апазіцыя можа сапраўды лічыць «нашай». З другога боку, гэта кампенсуецца тым, што пасля 1989-га кожная вясна таксама цяпер належаць ёй.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: