Зяленскі патэлефанаваў Пуціну, нагадаў пра газ і маёмасць з затрыманых караблёў

З ініцыятывы ўкраінскага боку вечарам 25 лістапада прайшла тэлефонная размова кіраўнікоў Украіны і Расеі Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.

Паводле Офісу прэзідэнта Украіны, Зяленскі «падкрэсліў важнасць нядаўняга вяртання ўкраінскіх караблёў Расеяй». Тыдзень таму Расея перадала Украіне тры караблі, захопленыя ў лістападзе 2018 году ў Керчанскай пратоцы. Але ўкраінцы недалічыліся на караблях шмат якога абсталявання і зброі – «паздымалі нават плафоны, разеткі і ўнітазы».

Зяленскі ў тэлефанаванні «падкрэсліў неабходнасць вяртання ўсёй зброі, тэхнікі і дакументацыі на борт гэтых судоў», адзначае ягоны Офіс. У час тэлефанавання абмеркавалі таксама «пытанне газавых перамоваў у трохбаковым фармаце Украіна-Расія-Еўразвяз».

На сайце Крамля факт званка пацвярджаецца: адзначана, што размова адбылася «з улікам запланаванага на 9 снежня 2019 году ў Парыжы саміту ў «нармандскім фармаце«» і прайшла «з ініцыятывы ўкраінскага боку».

Караблі, адзначае прэс-служба Пуціна, «былі выкарыстаныя ў ходзе правакацыі» – пра недахоп нейкага абсталявання на іх пасля вяртання ня згадваецца.

Газавая праблематыка была абмеркаваная падрабязна, дадаюць у Крамлі; абмяркоўваліся прапановы як транзіту, так і аднаўлення наўпроставых паставак расейскага газу ва Украіну; «дамоўлена аб працягу кантактаў на розных узроўнях».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: