Зяленскі прапанаваў Міхаілу Саакашвілі стаць віцэ-прэм'ерам Украіны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў былому прэзідэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі стаць віцэ-прэм'ерам урада Украіны па пытаннях рэформаў. Пра гэта сам Саакашвілі распавёў у сераду ў сваім фэйсбуку.
Паводле яго слоў, ён ужо абмеркаваў магчымую працу ва ўрадзе з прэм'ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалем. Саакашвілі назваў прапанову "вялікім гонарам" і нагадаў, што падтрымліваў Уладзіміра Зяленскага падчас выбараў, заявіўшы, што звязвае з яго камандай "вялікія надзеі для Украіны".



Аб прапанове Саакашвілі ўвайсці ва ўрад першапачаткова са спасылкай на крыніцы ў прапрэзідэнцкай партыі "Слуга народа" паведаміла ўкраінскае выданне "Новы час". Намеснік кіраўніка фракцыі "Слуга народа" Яўгенія Краўчук пацвердзіла выданню, што Саакашвілі сустрэнецца з дэпутатамі і прадставіць ім сваю праграму ўжо ў гэтую пятніцу.

У траўні 2015 года тагачасны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прызначыў Саакашвілі старшынёй Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі (губернатарам рэгіёну) і выдаў яму ўкраінскае грамадзянства. У 2017 годзе ён адмяніў абодва сваіх рашэнні.

У верасні таго ж года Саакашвілі з дапамогай сваіх прыхільнікаў прарваўся на тэрыторыю Украіны і запатрабаваў адстаўкі Парашэнка. Яму забаранілі ўезд у краіну, ён называў рашэнне аб адклiканнi грамадзянства і забароне на ўезд незаконнымі. 28 траўня 2019 года Уладзімір Зяленскі вярнуў яму грамадзянства.

Кандыдатуру Саакашвілі павінна ўхваліць Вярхоўная рада. Чакаецца, што гэта адбудзецца на пленарным пасяджэнні ў пятніцу, 24 красавіка.

svoboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: