Знаёмцеся: пераемніца Ангелы Меркель!

Падобна, Ангела Меркель вызначылася з пераемніцай. Знаёмцеся — Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр, якую вельмі часта (па першых літарах імя і прозвішча) называюць AKK. Пра прычыны выбару на карысць АКК і яго наступствы «Новаму Часу» распавядае нямецкі журналіст Пітэр Бурк.

Фота Reuters

— Нечакана для ўсіх 19 лютага Ангела Меркель прапанавала аднапартыйцам абраць на пасаду генсека прэм’ера зямлі Саар Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр. Пасада генсека — другая па значнасці ў партыі (вышэй, паводле партыйнага статуту, толькі старшыня). Ці азначае, што Крамп-Карэнбаўэр сапраўды пачалі рыхтаваць у пераемнікі Меркель?

— Падаецца, так. Пра гэта сведчыць і тое, што рашэнне прынята менавіта зараз, калі вырашаецца пытанне, быць або не быць вялікай кааліцыі кансерватараў і эсдэкаў. Актыў эдэкаў не жадае блоку з кансерватарамі і дамогся правядзення ўнутрыпартыйнага апытання на гэты конт. Калі перамогуць праціўнікі кааліцыі, давядзецца абвяшчаць пазатэрміновыя выбары. У такім выпадку кандыдатам ад эсдэкаў на пасаду канцлера будзе маладая і дынамічная Андрэа Налес, на фоне якой Меркель выглядае трошкі архаічна. Напэўна таму канцлер вырашыла перастрахавацца і прапанавала кандыдатуру Анегрэт, якая здолее павесці хрысціянскіх дэмакратаў на выбары і скласці канкурэнцыю Налес.

— Доўгі час асноўным кандыдатам у пераемнікі Меркель лічыўся намеснік аднаго з міністраў Енс Шпан. Чаму выбар быў зроблены менавіта на карысць Крамп-Карэнбаўэр, якая працавала на пасадзе прэм’ера Саара?

— Сама Меркель кажа, што выбар быў прадыктаваны выключна рацыянальным разлікам. Паколькі ўрад у Саары вельмі паспяховы, а за АКК там галасуюць пад 40 працэнтаў, цалкам лагічна было прызначыць яе на пасаду генсека. Аднак прэса мяркуе інакш: Меркель абрала Анегрэт, бо тая бліжэй ёй па поглядах, чым той жа Шпан. Падчас крызісу з мігрантамі Крамп-Карэнбаўэр не здрадзіла Меркель. Абедзве належаць да прыхільнікаў палітычнага цэнтру. У гэтым плане выбар Меркель шмат каму не падабаецца. Працягваючы дрэйфаваць у цэнтр CDU, маўляў, пакідае правы фланг правым папулістам.

— Як можна характарызаваць пераемніцу Меркель?

— Акрамя таго, што яна — пяшчотная і адказная маці (у яе сям’і трое дзяцей), яе ведаюць як палітыка, які пастаянна імкнецца да кантактаў з людзьмі. У свой час яна праславілася ўдзелам у мясцовым карнавале ў касцюме Грэтэль — персанажу з казак братоў Грым. Калегі, і нават апаненты, характарызуюць яе як цудоўную ўдзельніцу перамоваў, якая можа слухаць візаві і шукаць кампраміс.

— Ці была Крамп-Карэнбаўэр фігуранткай нейкіх скандалаў?

— Будучы паслядоўнай каталічкай, яна крытыкавала аднаполыя шлюбы, параўнаўшы іх з манагамнымі шлюбамі, што не спадабалася левым партыям. Крытыкі казалі, што так дэбаты весці неэтычна. Яна таксама выступае за абмежаванне права на аборты, што, натуральна, ёй прыгадаюць.

— Інтранізацыя Анегрэт адбылася на фоне беспрэцэдэнтнага палітычнага крызісу ў Германіі. Больш за 150 дзён партыя Меркель не можа сфармаваць урад...

— З улікам таго, што ў суседніх Нідэрландах або Бельгіі ўрады часам таксама фармаваліся на працягу гадоў, на першы погляд, нічога жахлівага тут няма. Аднак трэба памятаць, што Германія — гэта вітрына агульнаеўрапейскага праекта. Нестабільнасць у ФРГ, безумоўна, уплывае на стан ЕС. Акрамя таго, сацыёлагамі фіксуецца заканамернасць: чым даўжэй крызіс, тым больш выбаршчыкаў губляюць вядучыя дэмакратычныя партыі — як сацыял-дэмакраты, так і кансерватары. За той час, як цягнуцца кансультацыі наконт фармавання ўрада, абедзве палітсілы пазбавіліся каля 15 працэнтаў электарату, які паступова пераходзіць у лагер радыкалаў.

— Якія погляды мае магчымая пераемніца Меркель наконт міжнародных пытанняў, напрыклад, украінскага?

— Пакуль Анегрэт не да міжнародных праблем. На апошніх выбарах хрысціянскія дэмакраты, як часта жартуюць, «пацярпелі перамогу» — атрымалі галасоў больш за іншыя партыі, аднак найменш за сваю гісторыю. Таму для АКК, па яе словах, у прыярытэце вяртанне даверу людзей да CDU. Яна абяцае вярнуць рэйтынг партыі на ўзровень 40 працэнтаў, што патрабуе шмат працы са структурамі. Што тычыцца яе папярэдніх заяў на тэму міжнароднай праблематыкі, то перш за ўсё згадваюцца крытычныя ацэнкі цяперашняга турэцкага рэжыму. Увесну 2017-га яна забараніла чыноўнікам урада Эрдагана весці кампанію сярод грамадзян Турцыі ў Саары. Важна ўзгадаць, што яе родны Саар — былая частка Францыі, і мясцовыя палітыкі вельмі шмат працуюць на агульныя нямецка-французскія праекты.

— Ці здольная АКК стаць клонам Ангелы Меркель?

— Наўрад ці. Арэол Меркель як дасведчанага і саліднага палітыка паўстаў у часы, калі Германія і Еўропа не ведалі крызісу. Калі пачаліся больш цяжкія часы, Меркель нарабіла шмат памылак. Аднак немцы прабачаюць Меркель, якая дасюль сімвалізуе былую стабільнасць. Анегрэт не мае аўтарытэту, падобнага на аўтарытэт Меркель, і ёй давядзецца адказваць за памылкі. А яны дакладна будуць, паколькі Германія — не маленькі Саар. Праўда, магчыма, гэта і добра. Позна ці рана, але прыйдзецца адыходзіць ад стратэгіі Меркель — намагацца любым чынам заставацца ў камфорце і пазбягаць рашучых крокаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!