ЗША і саюзнікі заявілі аб перамозе над ІДІЛ. Што далей?

ІДІЛ як тэрытарыяльнае ўтварэнне пераможаны, але ў Іраку і Сірыі застаецца ад 20 да 30 тысяч яго баевікоў.

Сёння байцы курдска-арабскіх Сірыйскіх дэмакратычных сілаў (SDF) паведамілі, што ІДІЛ згубіла свой апошні аплот у Сірыі. Тым самым дэклараванаму ў 2014-м годзе халіфату прыйшоў канец.

На піке свайго развіцця ІДІЛ кантралявала аграмадны кавалак тэрыторыі — ад захаду Сірыі да прыгарадаў Багдаду. Аднак апошняя бітва адбылася ў маленькім і непрыкметным сірыйскім горадзе Багуз на беразе ракі Еўфрат. Штурм гораду пачаўся напачатку лютага.

Цягам тыдняў кааліцыя "прасавала" горад авіяўдарамі, у той час як байцы SDF рушылі ўглыб тэрыторыі па зямлі. Захоп Багузу адбыўся прыкладна праз тры месяцы пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп здзівіў сваіх бліжнеўсходніх саюзнікаў заявай аб тым што ІДІЛ пераможаны ў Сірыі і амерыканская армія будзе выведзеная з краіны. Рашэнне прывяло да адстаўкі Сакратара Абароны Джэймса Мэціса і галоўнай асобы Дзярджэпартаменту, адказнай за анты-ІДІЛаўскую кампанію.


Чытайце таксама: Сірыйскае сяброўства, кароткае і прагматычнае


На вершыні сваёй магутнасці пад уладай ІДІЛ жыло каля 7,7 млн чалавек. Многія з іх плацілі падаткі, унёскі і штрафы Халіфату, што стварала вялізную долю прыбытку групы. Год за годам прыбытак арганізацыі скарачаўся: ад $1.9 млрд. долараў у 2014-м да не болей чым $870 міліёнаў у 2016-м, адпаведна з дадзенымі Міжнароднага цэнтра даследавання радыкалізацыі і палітычнага гвалту ў Кінг Коледжы Лондана.

У сярэдзіне лютага даклад Пентагона, аднак, узмацніў здагадку аб тым што поўная перамога над ІДІЛ — не на гарызонце. У дакладзе было выразна сказана: "ІДІЛ застаецца актыўнай паўстанцкай групай як у Іраку так і ў Сірыі".

"Рызыка адраджэння ІДІЛ вельмі рэальная — кажа Ліна Хаціб, кіраўніца Бліжнеўсходняй і Паўночнаафрыканскай праграмы ў Чатэм Хаус, брытанскім аналітычным цэнтры, — мы заўседы мусім памятаць аб тым, што здарылася з Аль-Каедай у Іраку прыкладна 10 год таму, калі яна была амаль знішчаная. Па дакладах заставалася не больш за 700 сябраў групы. Аднак літаральна праз некалькі год з іх вырас ІДІЛ".

Паводле CNN.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!