ЗША: каталіцкі святар заклікае адлучыць ад Касцёла заканадаўцаў, якія выступаюць за аборты

У апошнія дні студзеня прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ў Сенаце ЗША не дазволілі прыняць закон пра забарону абортаў на познім тэрміне цяжарнасці. 14 сенатараў-дэмакратаў, пры гэтым, лічаць сябе каталікамі.
Амерыканскі святар Дуайт Лонгенекер, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай у Грынвілі (штат Паўднёвая Караліна), у сувязі з гэтым прапанаваў публічна абвясціць санкцыі, якія патрабуе Кодэкс Кананічнага права Касцёла.

«Прыйшоў час біскупам афіцыйна абвясціць, што гэтыя мужчыны і жанчыны публічна адмовіліся ад патрабаванняў сваёй каталіцкай веры і фактычна адракліся ад яе», — напісаў святар у сваім блогу.

У 2004 годзе будучы папа Бэнэдыкт XVI кардынал Ёзэф Ратцынгер падпісаў мемарандум Кангрэгацыі Веравучэння «Годнасць прыняць Святую Камунію», у якім адзначалася, што, калі палітык-католік адкрыта і ўпарта выступае за легальнасць абортаў і эўтаназіі, святар абавязаны паведаміць такому палітыку пра вучэнне Касцёла ў гэтай сферы і адмовіць яму ў Камуніі.

«Калі біскупы і святары не зробяць гэтага, тады вернікі ў іх парафіях і дыяцэзіях павінны падняцца і абрынуць на іх лавіну лістоў, а каб іерархія ўважліва паслухала, адмовіць ёй у грашовых ахвяраваннях», — дадае святар.

«Гэтае жахлівае злачынства супраць чалавечнасці, гэты нябачны Халакост не спыніцца, пакуль людзі, якія маюць уладу, не паўстануць супраць яго публічна і жорстка», — заключае святар.


Catholic.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!