ЗША. ОК — гэта ОК?

На Захадзе разгарнуліся незвычайныя дэбаты наконт таго, як трэба разумець вядомы жэст «ОК».


Усё дзякуючы амерыканскай Антыдыфамацыйнай лізе (ADL), якая змагаецца з рознымі формамі дыскрымінацыі ў грамадстве. Сёння жэст «окей» выкарыстоўваюць, каб паказаць разуменне і згоду. У большасці выпадкаў ён бясшкодны і бяспечны. 

Аднак у 2017 годзе гэты сімвал атрымаў новы сэнс дзякуючы карыстальнікам рэсурсу 4chan. Юзеры прасоўвалі жэст як спосаб выказаць нецярпімасць і параўналі яго з літарамі WP, якія можна расшыфраваць як «white power» («улада белых»). На думку ADL, скажоная інтэрпрэтацыя жэсту «окей» сапраўды стала папулярнай формай тролінгу. 

Пазней прыхільнікі расісцкіх канцэпцый сышлі ад яго сатырычнай канатацыі і ўсур’ёз пачалі выкарыстоўваць сімвал як сродак падкрэслівання дамінавання белай расы. Напрыклад, у сакавіку 2019 года Брэнтан Тарант, які забіў амаль 50 чалавек у мячэці Новай Зеландыі, паказаў «окей» на судзе.

Ці сапраўды «ОК» забароняць у ЗША як экстрэмісцкі знак, пакуль цяжка сказаць. Між тым, днямі эксперт аднаго нямецкага фонду асудзіў маладога ўдзельніка шоу на канале ARD за дэманстрацыю гэтага жэста.

Паводле нямецкай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!