ЗША прызналі тэрарыстамі арганізацыю рускіх нацыяналістаў

Прызнанне "Рускага імперскага руху" тэрарыстычнай арганізацыяй — першы выпадак у ЗША, калі да тэрарыстаў прылічаюць прыхільнікаў перавагі белай расы, піша www.dw.com.

Шэсце рускіх нацыяналістаў. Фота з сайта www.dw.com 

Улады ЗША ў панядзелак, 6 красавіка, прызналі створаную ў Расіі арганізацыю "Рускі імперскі рух" ("Русское имперское движение", РИД) тэрарыстычнай. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША.

"Рускі імперскі рух" існуе з 2002 года. Сярод яго задач пазначаныя абарона традыцыйных рускіх каштоўнасцяў, падтрымка палітычнай, духоўнай і культурнай рускай экспансіі, барацьба з русафобіяй, нелегальнай іміграцыяй, царкоўнымі ерасямі і расколамі, а таксама актыўная прапаганда рускага хрысціянскага нацыяналізму.

Пра намер Дзярждэпу ўключыць РИД у спіс тэрарыстычных арганізацый ўжо заяўляў каардынатар ведамства па пытаннях барацьбы з тэрарызмам Натан Сейлс. У інтэрв'ю газеце The New York Times ён назваў гэтую меру беспрэцэдэнтнай. "Гэта першы выпадак, калі ЗША прызналі тэрарыстамі прыхільнікаў перавагі белай расы, што пацвярджае, наколькі сур'ёзна цяперашняя адміністрацыя ставіцца да гэтай пагрозы", — адзначыў Натан Сейлс.

Адной з падстаў для таго, каб прылічыць РИД да тэрарыстычных груповак, стаў кантакт рускіх нацыяналістаў з экстрэмістамі са Швецыі. У 2017 годзе трое шведаў былі асуджаныя за падрыхтоўку тэракту, накіраванага супраць бежанцаў. Двое з іх, верагодна, ездзілі ў Санкт-Пецярбург, дзе праходзілі баявую падрыхтоўку ў спецыяльным лагеры РИД.

У расійскі спіс арганізацый, прызнаных тэрарыстычнымі, РИД не ўваходзіць. Аднак сайт арганізацыі і некалькі нумароў яе друкаванага выдання ўнесеныя Мінюстам Расіі ў федэральны спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. На тэрыторыі РФ сайт РИД заблакаваны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: