ЗША: санкцыі будуць дзейнічаць, пакуль Расія не верне Крым

Былы губернатар Паўднёвай Караліны Нікі Хэйлі падкрэсліла, што ЗША па-ранейшаму лічаць Крым часткай Украіны і заклікаюць Расію пакласці канец акупацыі паўвострава.

Нікі Хэйлі EPA

Новы сталы прадстаўнік ЗША пры ААН Нікі Хэйлі заявіла, што санкцыі супраць Расіі будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль Крым не будзе вернуты Украіне. Хэйлі таксама абвінаваціла Расію ў "агрэсіўных дзеяннях" на ўсходзе Украіны, дзе ў апошнія некалькі дзён ўзмацніліся абстрэлы ўздоўж лініі судакранання бакоў.

"Мы сапраўды хочам палепшыць адносіны з Расіяй. Аднак катастрафічная сітуацыя на ўсходзе Украіны патрабуе яснага і жорсткага асуджэння дзеянняў Расіі", — сказала Нікі Хэйлі падчас свайго першага выступу ў Савеце Бяспекі ААН.

Хэйлі падкрэсліла, што Вашынгтон па-ранейшаму лічыць Крым часткай Украіны і заклікае Расію пакласці канец акупацыі паўвострава.

Каментуючы выступ Хэйлі, пастаянны прадстаўнік Расіі пры ААН Віталь Чуркін спаслаўся на тое, што жыхары Крыма прагаласавалі за ўваходжанне паўвострава ў склад Расіі: "У сувязі з гэтым варта прыгадаць, што ў канстытуцыі Злучаных Штатаў прагучалі такія выдатныя гістарычныя словы: "Мы, народ"[...] Народ Крыма выразна выказаў сваю волю на рэферэндуме", — сказаў расійскі прадстаўнік.

Падчас пасяджэння Савета бяспекі ААН Чуркін заявіў, што ўлады Украіны спрабуюць дамагчыся не нармалізацыі сітуацыі на ўсходзе краіны, а ваеннага рашэння канфлікту.

У апошнія дні ў Данбасе абвастрылася сітуацыя. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў распальванні канфлікту.

У сярэдзіне студзеня адміністрацыя Барака Абамы працягнула яшчэ на год санкцыі ў дачыненні да Расіі, якія былі ўведзеныя ў сакавіку 2014 года пасля расійскай анексіі Крыма і затым некалькі разоў падаўжаліся і пашыраліся з-за канфлікту на ўсходзе Украіны.

Амерыканскія ўлады неаднаразова абвінавачвалі Расію ў аказанні ваеннай дапамогі прыхільнікам самаабвешчаных "народных рэспублік" Данбаса і ў прамым ваенным удзеле ў канфлікце на ўсходзе Украіны. Масква паслядоўна адмаўляе гэтыя абвінавачванні.

У снежні 2016 года Вашынгтон абвясціў аб увядзенні новых санкцый з-за скандалу вакол хакерскіх нападаў падчас выбараў прэзідэнта ЗША. Улады ЗША абвінавацілі Расію ў арганізацыі кібератакі на амерыканскія палітычныя структуры. Масква гэта катэгарычна адмаўляе.

У чацвер Міністэрства фінансаў ЗША аслабіла санкцыі, уведзеныя супраць ФСБ Расіі з-за абвінавачванняў у дачыненні да кібератакаў. Пры гэтым прэс-сакратар Белага дома Шон Спайсер на пытанне журналістаў пра рашэнне казначэйства заявіў, што яно не з'яўляецца сігналам змены палітыкі ЗША ў адносінах да Расіі і паступовага зняцця санкцый.

З моманту ўступлення Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША было шмат паведамленняў пра тое, што ён збіраецца зняць з Расіі санкцыі. У адным з інтэрв'ю Трамп, які заяўляе пра жаданні палепшыць адносіны з Расіяй, звязваў такі крок з магчымай дамоўленасцю аб скарачэнні ядзернага арсенала. Аднак затым ён паабяцаў не здымаць з Расіі санкцыі ў бліжэйшы час.

Паводле ВВС


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: