ЗША ўвялі санкцыі супраць найбуйнейшага нафтахімічнага холдынгу Ірану

ЗША 7 чэрвеня ўвялі новыя санкцыі супраць Ірану: цяпер яны датычацца нафтахімічнай прамысловасці, у тым ліку найбуйнейшага ў краіне нафтахімічнага холдынгу. Пра гэта паведамляе Белсат са спасылкай на Reuters.

Кампанія Persian Gulf Petrochemical Industries Company (PGPIC) занесеная ў чорны спіс за аказанне фінансавага падтрымання эканамічных структураў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (у красавіку ЗША ўнеслі КВІР ў спіс тэрарыстычных арганізацыяў). Міністэрства фінансаў ЗША таксама ўвёў санкцыі супраць сеткі з 39 даччыных нафтахімічных кампаніяў групы і гандлёвых агентаў, што базуюцца за мяжой.

«Уводзячы санкцыі супраць гэтай сеткі, мы маем намер пазбавіць фінансавання ключавыя элементы нафтахімічнага сектара Ірана, якія дапамагаюць КВІР», – сказаў міністр фінансаў ЗША Стывен Мнучын.

15 ліпеня 2015 года Іран і шэсць сусветных дзяржаваў (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Германія, Кітай і Расея) дасягнулі пагаднення па іранскай ядравай праграме. Тады Тэгеран пагадзіўся часткова згарнуць праграму ўзамен на адмену санкцыяў. Аднак год таму прэзідэнт ЗША Доналд Трамп выйшаў з гэтай здзелкі, палічыўшы яе аднабаковай, і аднавіў санкцыі.

Апошнім часам напружанасць у стасунках паміж Іранам і ЗША толькі ўзмацнілася . У траўні адміністрацыя Трампа накіравала на Блізкі Усход ударную групу авіяносца «Абрагам Лінкальн» і бамбавікі, каб прадэманстраваць Ірану гатоўнасць ЗША да рашучых крокаў. ЗША скасавалі дзеянні выключэнняў, якія дазвалялі шэрагу краінаў свету купляць іранскую нафту і пры гэтым не парушаць амерыканскіх санкцыяў, і ўнеслі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі ў спіс тэрарыстычных арганізацыяў. Таксама на гэтым тыдні Трамп увёў санкцыі ў дачыненні да экспарту іранскіх металаў – сталі, алюмінію, медзі і жалеза.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!