ЗША ўводзяць з 1 чэрвеня пошліны на сталь і алюміній з ЕС, Канады і Мексікі

Амерыканская адміністрацыя ўводзіць з 1 чэрвеня мытныя пошліны на імпарт сталёвай і алюмініевай прадукцыі з Еўрасаюза, Канады і Мексікі. Пра гэта паведаміў у чацвер на спецыяльным брыфінгу для журналістаў міністр гандлю ЗША Уілбур Рос.
«Як вы ведаеце, прэзідэнт [ЗША Дональд Трамп] увёў мытныя пошліны на сталь і алюміній з даволі вялікай колькасці краін 23 сакавіка. І калі ён прыняў гэтае рашэнне, ён таксама часова вывеў з-пад дзеяння гэтай пошліны Паўднёвую Карэю, Аргенціну, Бразілію, Аўстралію, Еўрапейскі саюз і Канаду з Мексікай. Тэрмін дзеяння гэтых выключэнняў мінае апоўначы 31 траўня», — заявіў кіраўнік Мінгандлю.

«Ён [Трамп] прыняў рашэнне ў выпадку з Канадай, Мексікай і Еўрапейскім саюзам не працягваць дзеянне дадзеных выключэнняў. Такім чынам, у дачыненні да іх будуць дзейнічаць пошліны ў памеры 25% на сталь і 10% на алюміній, пачынаючы з сённяшняй паўночы», — сказаў кіраўнік мінгандлю.

Еўрапейскі саюз рашуча выступіць адзіным фронтам, калі ЗША ўвядуць пошліны на сталь і алюміній, заявіла сёння канцлер Нямеччыны Ангела Меркель на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Партугаліі Антоніу Кошта ў Лісабоне.

Паводле яе слоў, краіны ЕС дамовіліся «адказаць пісьменным, рашучым і адзіным спосабам», падкрэсліўшы, што абмежавальныя меры прэзідэнта ЗША Дональда Трампа «не адпавядаюць правілам Сусветнай гандлёвай арганізацыі».

ЗША з 23 сакавіка ўвялі новыя пошліны на сталёвую і алюмініевую прадукцыю — 25% і 10% для сталі і для алюмінія. Яны дзейнічаюць для ўсіх краін, якія пастаўляюць прадукцыю ў ЗША, аднак адтэрміноўку да 1 чэрвеня атрымалі Аўстралія, Аргенціна, Бразілія, Канада, Мексіка, Рэспубліка Карэя, а таксама краіны Еўрасаюза.

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: