Журналісты апісалі, як чэмпіянат свету па футболе прадалі ў Расію і Катар

Падстаў надаваць Расіі права на правядзенне чэмпіянату па футболе не было, — перакананы аўтар фільма пра карупцыю ў ФІФА.



Дакументальны фільм «Прададзены футбол», які знялі нямецкія журналісты, раскрывае карупцыйныя схемы ў кіроўным органе сусветнага футболу ФІФА.

Пры гэтым у цэнтры ўвагі дакументалістаў апынуліся абставіны галасавання аб правядзенні чэмпіянатаў свету па футболе ў 2018 і 2022 гадах у Расіі і Катары.

29 траўня ў Цюрыху павінны адбыцца выбары на пасаду прэзідэнта ФІФА. Дзейны прэзідэнт ФІФА Зэп Блатэр падаў сваю кандыдатуру на ўдзел у іх. Напярэдадні галасавання журналіст "Радыё Свабода" пагутарыў з адным з аўтараў фільма «Прададзены футбол» Робертам Кэмпэ.

— Ваш дакументальны фільм «Прададзены футбол» абвінавачвае кіраўніцтва ФІФА ў карупцыі і хабарніцтве, у прыватнасці падчас галасавання аб правядзенні чэмпіянатаў свету па футболе ў Расіі і Катары. Вы лічыце, што права на правядзенне гэтых чэмпіянатаў было «прададзена» Расіі і Катару?

— Калі мы даследавалі гэтую тэму, усё, што мы знаходзілі, сведчыла аб тым, што заяўкі Расіі і Катару не былі пераканаўчымі. Нават старшыня камісіі па ацэнцы ФІФА, калі мы з ім размаўлялі, прызнаў, што Катар і Расія падалі слабыя заяўкі на ўдзел у чэмпіянатах свету ў 2018 і 2022 гадах. Гэта азначае, што не было аб’ектыўных прычынаў для абрання Расіі і Катару, паколькі іх прапановы ацэньваліся як найбольш рызыкоўныя. Гэта значыць, павінна быць нешта іншае, чым яны пераканалі ФІФА.

— У фільме гаворыцца, што трох чыноўнікаў ФІФА падазраюць у атрыманні хабару ў памеры 1,5 мільёна долараў кожны ад Катару. Прынамсі аднаго з іх падазраюць у тым, што ён прадаў свой голас таксама і Расіі. Ці не думаеце вы, што былі і іншыя выпадкі хабарніцтва, звязаныя з чэмпіянатам свету па футболе ў Расіі, пра якія пакуль невядома?

— Так, вядома. Думаю, гэта толькі вяршыня айсбергу. Што да Расіі, то нам пакуль вядома пра Марыёса Лефкарытыса, сябра выканаўчага камітэту ФІФА ад Кіпра, па галасаванні якога аб месцы правядзення чэмпіянатаў у 2018 і 2022 гадах праводзілася расследаванне. Ён заяўляе, што нічога не рабіў са сваім голасам. Але, зноў жа, мы маем справу з карупцыйнымі схемамі і канфліктам інтарэсаў. Але значна складаней расследаваць магчымае хабарніцтва і ціск ФІФА па Расіі, чым па Катары. Думаю, ёсць шмат таго, чаго мы пакуль не ведаем. Цяпер мы не маем дакладнай карціны таго, што адбываецца.

— ФІФА абвяргае абвінавачванні, якія змяшчаюцца ў вашым фільме, і называе вас і вашых калегаў хлусамі. Чакалі вы такой рэзкай рэакцыі?

— Так. ФІФА звычайна пачынае абараняцца і агрызацца. Мы бачым гэта на прыкладзе з актывісткай Банітай Мэрсэдэс, былым прадстаўніком заявачнага камітэта Аўстраліі (яна абвінаваціла ФІФА ў раскрыцці яе асобы). Яны правялі тэлевізійную кампанію супраць яе. Так што рэакцыя ФІФА не стала для нас сюрпрызам.

www.svaboda.org

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: