Зваротная дыскрымінацыя: мужчын у Швецыі не бяруць на «жаночыя» працы

Медбраты, выхавальнікі дзіцячых садоў, нават прыбіральшчыкі — ва ўсе гэтыя прафесіі мужчынам цяжэй прабіцца.
Вынікі даследавання, замоўленага шведскім даследчым саветам і праведзенага сумесна Лінчапінгскім і Каліфарнійскім універсітэтамі, выявілі дыскрымінацыю мужчын у многіх прафесіях, дзе звычайна дамінуюць жанчыны.

Да прыкладу, большасць мужчын, якія падавалі заяўкі на вакансіі прыбіральшчыкаў, нават не даходзілі да стадыі інтэрв'ю.

«Мы назіраем перашкоды, якія ўзнікаюць на шляху ў мужчын у асобных сегментах рынку працы, — растлумачыў кандыдат эканамічных навук з Лінчапінгскага універсітэта Марк Гранберг. — У працэсе падачы заяўкі на працу мы не ўбачылі ніякай дыскрымінацыі супраць жанчын, якія хочуць заняцца пераважна мужчынскай працай, аднак мы выявілі істотную дыскрымінацыю ў дачыненні да мужчын у прафесіях, якія традыцыйна лічацца жаночымі».

У ходзе эксперыменту навукоўцы падалі ў Швецыі больш за 3 тыс. фіктыўных заявак з просьбай аб прыёме на працу. У кожным выпадку ўлічвалася, ці атрымалі кандыдаты адказ, і калі так, то які.

Дыскрымінацыя была выкрытая ў многіх прафесіях, дзе звычайна дамінуюць жанчыны. Мужчынам было нашмат складаней атрымаць працу медбрата або выхавацеля ў дзіцячым садзе, але цяжэй за ўсё ім было змагацца за пасаду прыбіральніка. Пры гэтым у традыцыйна мужчынскіх прафесіях, такіх як аўтамеханік, кіроўца грузавіка або складской рабочы, дыскрымінацыі супраць жанчын не назіралася.

Пра тое, што мужчынам часцей адмаўляюць у некаторых «жаночых» прафесіях, было вядома і раней, аднак даследаванне, праведзенае Гранбергам і яго калегамі, закранула куды больш шырокі спектр прафесій і спецыяльнасцяў.

«Цікава, што менавіта заявы ад мужчын не прымаюцца на першай стадыі адборачнага працэсу, — кажа Марк Гранберг. — Пры гэтым добра вядома, што на рынку працы жанчын куды часцей абыходзяць у тым, што тычыцца заробкаў і прасоўвання па службе, так што цікава было б даведацца, на якім менавіта этапе адбываецца збой, і жанчыны аказваюцца ў горшай сітуацыі».


Паводле bbc.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: