Ад кантролю сацыяльнага да кантролю татальнага

Час ад часу з’яўляюцца спекуляцыі наконт планаў адаптацыі і ўкаранення ў Беларусі кітайскай сістэмы сацыяльнага кантролю, якая цяпер праходзіць выпрабаванні эпідэміяй.


Яшчэ пару гадоў таму рэсурс SlashGear паведамляў, што эксперты аднаго з think-tank пры ўрадзе Расіі і прадстаўнікі КДБ Беларусі ў час візіту ў Кітай асабіста ацанілі тую сістэму. Акрамя іншага, яны, нібыта, цікавіліся магчымасцю яе маштабавання ў іншых краінах. У ліпені нешта пісалі пра візіт да нас спецыялістаў гэтай сферы з Паднябеснай.

Цяжка сказаць, наколькі гэтая інфармацыя праўдзівая, але відавочна, што пэўная ціка­васць да кітайскіх ноу-хау на Карла Маркса, 38 прысутнічае. Напрыклад, намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан прапанавала ўвязаць у Канстытуцыі аказанне медыцынскай дапамогі з нормамі паводзінаў грамадзян. Усё гэта ў нейкай ступені нагадвае прынцыпы кітайскай сістэмы сацыяльнага кантролю, якая ацэньвае ўсіх грамадзян на аснове іх паводзін, фінансавага стану, пакупак і парушэнняў. Чым ніжэйшы рэйтынг, тым складаней чалавеку карыстацца публічнымі сэрвісамі.

Саму ідэю сістэмы сацыяльнага кантролю (другая назва — сістэма сацыяльнага крэдыту) кітайскія камуністы яўна запазычылі ў банкаў, якія заўсёды вывучаюць крэдытную гісторыю кліента. У 2014 годзе ў Кампартыі Кітая вырашылі ацэньваць як мага больш сфер жыцця кожнага кітайца і юрыдычных асобаў. Каб «удасканальваць як механізмы заахвочвання законапаслухмяных і добрасумленных грамадзян, так і механізмы пакарання тых, хто парушае закон і страціў давер», — растлумачыў Сі Цзіньпін.

Адразу пасля анонсу ўлады дамовіліся з дзесяццю кампаніямі пра стварэнне мегасістэмы, што збірае ўсю даступную ў сеціве інфармацыю пра кожнага грамадзяніна КНР. Перш за ўсё, гэта інфармацыя пра пакупкі, аплату рахункаў, падарожжы і гэтак далей. Праз іншыя праграмы збіраецца інфармацыя пра дзеянні чалавека з архіваў муніцыпальных устаноў, паліцэйскіх участкаў, даследчых цэнтраў і прыватных кампаній. На аснове гэтай базы фарміруецца рэйтынг карыстальніка. Чым ён вышэйшы, тым больш бонусаў атрымлівае чалавек.

Уладальнікі вялікай колькасці бонусаў могуць атрымаць ад улады рознага роду бенефіцыі — аж да фінансавай падтрымкі на адкрыццё бізнесу або да кар’ернага росту. Людзей з дэфіцытам бонусаў пазбаўляюць працы ці сацыяльнай дапамогі, яны не могуць карыстацца грамадскім транспартам, лётаць самалётамі. Зрэшты, ніхто не перашкаджае ім набраць бонусаў — данесці на суседа.

Нягледзячы на крытыку эксперыменту, у Пекіне яго лічаць вельмі паспяховым і не хаваюць мэту рэалізаваць гэтую амбіцыйную ініцыятыву па ўсёй краіне.

Але тут успыхнула эпідэмія, і ў шмат каго (у тым ліку ў тых іншаземцаў, хто думаў імпартаваць кітайскую мадэль) узнікла пытанне: ці здольная тая мадэль функцыянаваць ва ўмовах каранціну? Відавочна, што выбух каронавіруса парушыў звыклую схему паводзінаў і працы грамадзян, органаў адміністрацыі і бізнесу. Не кажучы пра тое, што нормы каранціну патрабуюць насіць маскі, а гэта робіць цяжэйшай ідэнтыфікацыю парушальнікаў грамадскага парадку з дапамогай відэакамер.

Улады Кітая, адказваючы на новыя выклікі, вымушаныя былі змякчыць правілы. Напрыклад, фірмы і прадпрыемствы, якія былі вымушаныя часова закрыцца з-за віруса, былі вызваленыя ад адказнасці за неплацяжы па пазыках. Таксама многія мясцовыя органы ўлады ўкаранілі працэсы паскоранай выдачы крэдытаў фірмам, што ўдзельнічаюць у вытворчасці прадуктаў і паслуг, звязаных з кантролем і прафілактыкай эпідэміі. Крэдыты маглі атрымаць таксама асобы і кампаніі, якія лічацца «ненадзейнымі».

З іншага боку, у шэрагу сфер гайкі, што называецца, закруцілі яшчэ мацней. Напрыклад, муніцыпалітэты Пекіна і Шанхая патрабуюць ад прадпрыемстваў, якія выпускаюць медыцынскія тавары і лекі, устрымлівацца ад завышэння коштаў. Штрафныя балы пагражаюць і тым, хто займаецца гандлем падробленай медыцынскай прадукцыяй або прадукцыяй, якая не адпавядае нарматыўным стандартам.

Больш інтэнсіўнае паніжэнне сацыяльнага рэйтынгу пагражае грамадзянам, якія хаваюць свае падарожжы альбо гісторыю хваробы. Калі пра гэта стане вядома, яны могуць аўтаматычна трапіць у «чорны спіс». У некаторых гарадах прадугледжаныя пакаранні за распаўсюд чутак і плётак, і нават за ператварэнне хаты ў сховішча прадуктаў. Пацярпелі і гурманы. Каб скараціць маштабы ўжывання ў ежу экзатычных жывёл (сабак, змеі, чарапахі), якія лічацца крыніцай вірусаў, пачалі караць аматараў падобных страў.

Такім чынам, хоць стандартныя рабочыя працэдуры сістэмы сацыяльнага крэдытавання былі змененыя з успышкай віруса, увогуле сістэма сацыяльнага кантролю захавалася. Захавалася і яе асноўная логіка: людзі і кампаніі атрымліваюць узнагароджанне за лаяльныя паводзіны і пакаранне — за паводзіны, якія ўрад лічыць кепскімі.

У гэтым плане праект беларускай версіі сістэмы сацыяльнага крэдыту, напэўна, будзе па-ранейшаму мець сваіх адэптаў. Тым больш, што магчымасці сістэмы для палітычнага і паліцэйскага кантролю проста фантастычныя. Як піша Bloomberg, у адным кітайскім горадзе ўлады выпусцілі карты для смартфонаў, што паказва­юць сілавікам месцазнаходжанне любога чалавека з «чорнага спісу» парушальнікаў у радыусе 500 метраў. Аднак з улікам таго, наколькі апошнія падзеі змянілі беларускае грамадства, вельмі сумнеўна, што такі праект ужо можа быць рэалізаваны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: