Жыхара Крыма асудзілі на 5 гадоў калоніі за «падрыхтоўку тэрактаў» — усё праз сцяг Украіны на доме

Расійскі Паўднёвы акруговы вайсковы суд (Растоў-на-Доне) 3 сакавіка вынес прысуд 62-гадоваму жыхару анэксаванага Крыму Алегу Прыходзьку, праўкраінскаму актывісту, які вывешваў на доме ўкраінскі сцяг і адмаўляўся мяняць украінскія аўтамабільныя нумары на расійскія, піша Свабода.
Як паведамляе «Настоящее время», яго прызналі вінаватым у падрыхтоўцы да тэрактаў у крымскіх Саках і ў Львове і асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму з адбываннем аднаго году ў турме, а таксама прысудзілі яму штраф 110 тысяч расійскіх рублёў (крыху менш за 1500 даляраў).

Пракурор на спрэчках у снежні 2020 году патрабаваў для Прыходзькі 11 гадоў пазбаўлення волі, з іх тры гады — у турме, а таксама 200 тысяч рублёў штрафу. Прыходзька віну ў падрыхтоўцы тэрактаў не прызнаў.

Прыходзьку затрымалі супрацоўнікі ФСБ у кастрычніку 2019 году. Перад гэтым ён некалькі разоў адкрыта выступаў супраць анэксіі Крыму, якая адбылася вясной 2014 году. Супрацоўнікі крымскага ФСБ правялі ў актывіста ператрус і забралі ўкраінскую сімволіку, сцягі партыі «Свабода», чырвона-чорныя сцягі, партрэт Сцяпана Бандэры, кампутар і CD-дыскі. Пасля ператрусу Прыходзьку адвезлі ў Сімферопаль на допыт і распытвалі пра яго дзейнасць і сувязі ва Украіне.

«Я жыву на сваёй украінскай зямлі. Расейцы падкрэсліваюць сваю ідэнтычнасць — вешаюць трыкалор, крымскія татары — сваю сімволіку, а я — этнічны ўкраінец, таму ў мяне ўкраінскі сцяг», — заявіў тады Прыходзька наконт канфіскаваных у яго прадметаў. Ён падкрэсліваў, што не ўваходзіць ні ў якія экстрэмісцкія або тэрарыстычныя супольнасці, але Цэнтр грамадскіх сувязяў ФСБ пасля ператрусу ўсё роўна назваў яго «прыхільнікам нацысцкай ідэалогіі, які з'яўляецца членам украінскіх экстрэмісцкіх арганізацый».

ФСБ таксама заявіла, што знайшла ў гаражы Прыходзькі «самаробнае выбуховае прыстасаванне, кампаненты і прылады для яго вырабу і бутэлькі з запальнай сумессю». Затрыманы казаў, што выбухоўку яму падкінулі. Пасля гэтага на Прыходзьку завялі спачатку справу па артыкуле аб незаконным вырабе выбуховых рэчываў, а потым і па артыкуле аб спробе тэракту.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: