Жыхары Масквы падалі пазоў супраць Сабяніна з-за рэжыму поўнай самаізаляцыі

20 чалавек падалі калектыўны пазоў да мэра Масквы Сяргея Сабяніна з-за рэжыму поўнай самаізаляцыі, што быў уведзены ў расійскай сталіцы.

Фота ЕРА

Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў адзін з пазоўнікаў, муніцыпальны дэпутат маскоўскай акругі Кунцева Дзяніс Шандаровіч, паведамляе meduza.io.

У пазове аспрэчваецца той пункт указа мэра, які абмяжоўвае канстытуцыйнае права грамадзян на перамяшчэнне, паколькі ў Сабяніна няма такіх паўнамоцтваў. «Ён (Сабянін) незаконна пасадзіў усіх масквічоў пад хатні арышт і пад пагрозай адміністрацыйных штрафаў наклаў забарону на канстытуцыйныя і грамадзянскія правы», — заявіў Дзяніс Шандаровіч.

Права на перамяшчэнне можна абмежаваць толькі на аснове прадпісанняў галоўных дзяржаўных санітарных лекараў і іх намеснікаў, сказаў іншы пазоўнік, памочнік палітыка Дзмітрыя Гудкова Аляксей Абухоў. Пры гэтым раней у мэрыі Масквы заявілі «Коммерсанту», што галоўны санітарны ўрач горада Алена Андрэева ​​падпісала прадпісанне пра самаізаляцыю масквічоў.

1 красавіка аналагічны пазоў да мэра Масквы падалі адвакат Мансур Гільманаў і актывіст Дзмітрый Кісіеў.

Улады Масквы падчас рэжыму поўнай самаізаляцыі планавалі ўвесці QR-коды ў якасці пропускаў для выхаду з дому, але 2 красавіка Сяргей Сабянін паведаміў, што пакуль неабходнасці ў гэтым няма, таму што большасць жыхароў застаецца дома.

Масква лідзіруе сярод іншых гарадоў Расіі па колькасці хворых на COVID-19 — паводле апошніх дадзеных, каронаварус там выявілі ў 2475 чалавек, 20 з іх памерлі, 168 ачунялі. Усяго ў Расіі COVID-19 дыягнаставалі ў 3548 чалавек, памерлі 30, ачунялі 235.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: