Жырыноўскі з тропікаў

Чым бліжэй 7 кастрычніка — дзень прэзідэнцкіх выбараў у Бразіліі, — тым больш перасцярог наконт магчымай перамогі ўльтраправага палітыка Жаіра Балсанару.

Фота www.agenciasertao.com

Чытач са стажам дакладна памятае, які шок выклікалі вынікі думскіх выбараў у Расіі ў снежні 1993-га. Іх галоўным трыумфатарам апынуліся ліберал-дэмакраты Уладзіміра Жырыноўскага — 22 працэнты галасоў і самая вялікая парламенцкая фракцыя. Прычым марш ліберал-дэмакратаў ва ўладу быў настолькі пераканаўчы, што ў прэсе ўзнік цэлы жанр фантазій наконт таго, як у хуткім часе, пасля перамогі Жырыноўскага, будзе выглядаць Расійская Федэрацыя. Нехта пісаў, што Расію чакае аналаг дыктатуры Садама Хусейна. Іншыя прагназавалі паўстанне ў РФ васковай хунты, якая паспрабуе аднавіць СССР.

Нешта падобнае адбываецца цяпер у Бразіліі, дзе фаварытам на прэзідэнцкіх выбарах у кастрычніку з’яўляецца Жаір Балсанару, кандыдат ад партыі сацыял-лібералаў і былы вайсковец. Цяпер Балсанару мае прыкладна 26 працэнтаў падтрымкі ды апярэджвае на 13 працэнтаў бліжэйшага канкурэнта. Нарэшце, варта ўзгадаць, што ў Балсанару 4,8 мільёна сяброў у Facebook. На 1,7 мільёна больш, чым у яго апанентаў.

Сам кандыдат ад сацыял-лібералаў вядомы сваімі вельмі правымі, нацыяналістычнымі і кансерватыўнымі поглядамі, што дазваляюць прэсе называць яго бразільскім Трампам. Дастаткова прыгадаць сеансы настальгіі Балсанару па часах вайсковай дыктатуры 1960-х гадоў і катаваннях, якія тады ўжываліся супраць палітвязняў. Ён нават лічыць, што парламент — перашкода для сістэмы эфектыўнага кіравання краінай.

З аднаго боку, паралелі паміж Балсанару і Трампам трошкі супакойваюць. Большасць выбарчых абяцанняў Трампа застаюцца нерэалізаванымі. Значна лепш у яго атрымліваюцца інфармацыйныя скандалы і правакацыі, якія дазваляюць прэзідэнту ЗША заставацца ў цэнтры ўвагі.

Аднак у выпадку Бразіліі скандаламі ў СМІ справа можа не абмежавацца. Інстытуты дэмакратыі і палітычная культура ў Лацінскай Амерыцы не такія моцныя, як у Злучаных Штатах. Таму некаторыя з экстравагантных абяцанняў Балсанару могуць сапраўды ажыццявіцца.

Найбольш рэалістычна, напэўна, выглядае ідэя запрашэння ў краіну вядучых ліберальных эканамістаў свету, якія павінны дапамагчы выратаваць гаспадарку Бразіліі за кошт рэцэптаў а-ля Піначэт. Ці атрымаецца ў Балсанару паўтарыць так званы «чылійскі цуд» — пытанне, як мінімум, спрэчнае. А вось рызыкі яго абяцанняў легалізаваць продаж зброі відавочныя. І без такой легалізацыі Бразілія — вельмі крыміналізаваная краіна, дзе кожныя 15 хвілін забіваюць чалавека.



Фота www.observatoriodeourofino.com.br



Не выключаюць пры Балсанару рэзкага кансерватыўнага павароту ў сферы культурнай палітыкі. Ён, нягледзячы на свой трэці шлюб, пазіцыянуе сябе як фанатычны прыхільнік кансерватыўных каштоўнасцяў. Не хавае антыпатыі да гомасексуалістаў, заклікае іх бацькоў выракацца такіх дзяцей.

Прычым кансерватызм кандыдата ў прэзідэнты часам набывае формы адкрытай нянавісці да жанчын, якіх ён лічыць непаўнавартаснымі. Неяк ён нават заявіў, што ў яго сям’і адзіная дачка нарадзілася толькі таму, што ён падчас зачацця быў у фізічна слабым стане. З той жа серыі яго ідэя амністыі для гвалтаўнікоў і забарона абортаў.

Варта чакаць ад Балсанару-прэзідэнта і нейкіх папулісцкіх учынкаў. Напрыклад, ён можа ўвесці на тэрыторыю вучэбных устаноў нацыянальную гвардыю для забеспячэння бяспекі вучняў і настаўнікаў. Наконт бяспекі цяжка казаць, а вось хаос у гуманітарных вучэбных праграмах Балсанару дакладна забяспечыць. Яго погляды на гісторыю супярэчаць усім прынятым гістарычным канцэптам. Напрыклад, ён мяркуе, што рабоў у Бразілію прывозілі не партугальцы, а афрыканскія князькі, якія ахвотна прадавалі сваіх суайчыннікаў. Увогуле, Балсанару не любіць бразільцаў афрыканскага паходжання.

Самы змрочны сцэнар наконт прэзідэнцтва Балсанару — вайна. Часам можна наткнуцца на версію пра тое, што амерыканцы маюць намер выкарыстаць Бразілію пад кіраўніцтвам Балсанару для звяржэння левага рэжыму Нікаласа Мадуры ў суседняй Венесуэле. Тым больш, што casus bellі знайсці няцяжка. Тысячы венесуэльцаў праз эканамічны крызіс на радзіме бягуць у Бразілію, выклікаючы на венесуэльска-бразільскай мяжы сапраўдную гуманітарную катастрофу. Шмат хто ў гэтай сувязі звярнуў увагу на нядаўні падарунак Бразіліі ад Вашынгтона — вялікую партыю артылерыйскай зброі.

Натуральна, паўстае пытанне: чаму бразільцы гатовыя галасаваць за асобу, падобную да героя коміксаў? У прэсе называюць шмат прычынаў. Агучым найбольш незвычайную: бразільцы вельмі расчараваліся ў выбарчай сістэме, і ўсё часцей разглядаюць палітыку як шоў. А каб шоў было цікавей — трэба прагаласаваць за арыгінала.

Застаецца толькі спадзявацца, што Балсанару ў выніку паўторыць шлях свайго папярэдніка Жырыноўскага. Нягледзячы на шалёны поспех у 1993-м, у Крэмль Уладзімір Вольфавіч так і не трапіў. З часам у вачах выбаршчыка ён стаў выглядаць не як кандыдат у дыктатары, а, хутчэй, як нейкі жарт.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць